Читать «Вёска. Новыя прыгоды Несцеркі. Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 127

Андрэй Федарэнка

Грукочуць у вароты.

Аддаць маіх кароў? Я дзесяць гадоў разводзіў гэтых малочных кароў — а цяпер аддай! Калі Чарнуха захварэла — ва ўезд за доктарам ездзіў, дваццаць пяць рублёў плаціў, ета ж амаль карову купіць можна, а цяжкі год быў, дзеці месяц без хлеба сядзелі, апошнія грошы аддаваў — і ім цяпер маіх кароў?! Не аддам!.. Навошта мне гэтакае жыццё — без каня, без каровы, без зямлі!.. Коні, каровы, зямля — гэта ўсё маё, усё маё жыццё, усё, чым жыву — усё ў зямлі…

Сват. Цяпер зямля не свая. Дадзеная. Па едаках.

Грукочуць у вароты.

Аўдзей. Мая зямля — мая! Мне ніхто не прырэзаў па едаках, я сваю зямлю яшчэ за тым часам за свае грошы купляў. Гэта табе прырэзалі па едаках. Не па едаках зямля — па работніках. Едакі зямлю праядуць і з торбай пойдуць, ім гора мала. На едаках свет стаяць не будзе. Не на едаках свет трымаецца, на работніках. Зямлю я не аддам! Матка грошы збірала ўсё жыццё, бацька ўсё за Богам ды за парадкам, а яна капейку ў капеечку! Пяшком у Мсціслаўль сорак кіламетраў туды, сорак назад, як толькі вольны дзень, а гэты вольны дзень толькі зімою, у холад ды вецер наскрозь, накупляе стужак ды іголак на свае капейкі, нясе па вёсках прадаваць, ногі адняліся к старасці, а капейку да капейчыны! А як прыкінулі разам еты хутар купляць — дык і палавіны няма! А як хацелася мець сваё! Каб сам гаспадар! Сваё!!! Паехаў на тыя шахты, пасадзяць у клетку і пад зямлю, не дыхнуць, дзяўбеш кіркаю, вада з каменя сочыцца, то аднаго побач прыдушыць, то другога пакалечыць, пакуль уніз — тры разы малітву прачытаеш, выцягнуць — зноў молішся, што жывы. I гэтак два гады… Грошай быццам і шмат, а праясі, усё ж не на сваім, усё купі, за ўсё заплаці, а вярнуўся дахаты — зямля падаражала! Вось табе і на! А так хацелася мець сваё! А памагчы некаму, сыны малыя, адзін са старым. А тут вайна… Забралі, Бог паслаў ета раненне, зноў упрогся, а падаткі аддай, зноў даўгі, начамі не спаў, потам абліваўся, — а пасіліў, выцягнуў на сабе еты хутар, ету зямлю, у ёй мая кроў, мае жылы — і аддаць?

Грукочуць у вароты.

А як абжыўся, як сыны выраслі, як цяпер у мяне ёсць, як цяпер я — гаспадар, дык яны прыйшлі адабраць! Яны сядзелі, абы не працаваць, упрогаладзь і цяпер сядзяць, не працуюць — а ты аддай ім коней, кароў і зямлю! Не аддам!

Штурхае свата.

Адабраць у мужыка зямлю — што ж тады будзе?! Мужык за зямлю кроў і пот праліваў, не можа таго быць! Тады ж свет перавернецца! Яны ж самі — «зямля — крэсцьянам». Ні Бог, ні ўлада такога не дапусцяць! Не! Пахаваў, шкуру не здымаў, толькі што крыж не паставіў! Маіх коней — ха-ха-ха! Пахаваў — заб’ю, заб’ю, не дамся! Мяне — Аўдзея?! Ха-ха-ха-ха… Не аддам! Зубамі загрызу — не аддам!

Сват вырываецца, у руках Аўдзея застаецца яго каўнер, Аўдзей глядзіць на гэты каўнер.

Матка — ніткі, хусцінку, ногі, ногі адняліся, пахаваў, толькі крыж не паставіў — ні Богу, ні сабе, не, не, не…

Аўдзей падступае да свата, прыціскае яго да агароджы.