Читать «Вайсковае евангелле (Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты)» онлайн - страница 3

Язэп Палубятка

1.2/ Афіцэры і салдаты, якія суправаджалі навабранцаў, пайшлі займацца сваімі справамі, а да іх прыставілі прапаршчыка Свістунова. Круглашчокі вайсковец выцягнуў з кішэні паперку і зачытаў прозвішчы прызыўнікоў, якія пераходзілі ў яго падначаленне. Астатніх павезлі некуды далей.

1.3/ I казаў ім адразу новы камандзір: “Пакіньце свае цывільныя звычкі. Тут войска. Памятайце, у нас салдат не чалавек, ён казюрка, з якою можна рабіць усё, што захочацца. Рыхтуйцеся да ўсяго”.

1.4/ Навабранцы загаманілі, абурыліся, перабіваючы адзін аднаго пачалі сцвярджаць, што ў іх ёсць годнасць свая. “Маўчаць! — зароў прапаршчык — Я не дазваляю вам гаварыць. Кажу апошні раз. Тут войска! I ўсё чыніцца толькі па загаду”.

1.5/ Сціхлі стрыжаныя і пачалі здзіўлена пераглядвацца. "Смірна!” — сцвярджаючы свой аўтарытэт, зноў узвысіў голас вайсковец. I надалей у гэты дзень быў цвёрды расклад. Іх адвялі ў лазню, памылі, затым пераапранулі ва ўсё зялёнае ды кожнаму размеркавалі ложак.

1.6/ I казаў ім прапаршчык Свістуноў: “Перш чым вы будзеце несці службу, павінны навучыцца ўсяму таму, што неабходна ведаць салдату. Для гэтага вам даецца месяц часу. Называецца тое — каранцін”.

1.7/ Загадваць імі і вучыць іх даручылі капітану Берагавому, прапаршчыку Свістунову, двум сяржантам і двум стараслужачым салдатам.

ПОКАЗКІ НАМПАЛІТА

2.1/ Пасля вячэры, калі згодна статута ў вайскоўцаў павінна быць вольная хвіліна, у казарму да навабранцаў завітаў тоўсты афіцэр з дзвюма вялікімі зоркамі на пагонах; як растлумачылі стараслужачыя, то быў нампаліт часці падпалкоўнік Фрумкін.

2.2/ Важна несучы паперадзе свой вялізны жывот, ён не спяшаючы ішоў па казарме і па-бацькоўску сціпла даваў парады будучым салдатам, распытваў, з якіх краёў хлопцы ды хто іх бацькі будуць.

2.3/ Спыніўся ён і ля Міхася Лабуты. Той, абуджаны абяцанкамі дзяўчат, пісаў ліст да суседкі Наташы. Пацікавіўся нампаліт, чым займаецца навабранец, а калі даведаўся, дык пахваліў яго і сказаў, каб даслаў прывітанне ад усяго асабістага складу гвардзейскага палка. Тут жа паслухмяна хлопец так і зрабіў. Як усвядоміў падпалкоўнік, што бацька Лабуты працуе трактарыстам у калгасе, адразу пайшоў далей.

2.4/ Падпалкоўнік Фрумкін загадаў сяржанту Пракузіну сабраць усіх маладых салдатаў у Ленінскім пакоі.

2.5/ Нампаліт умеў казаць складана, прыгожа ды бясконца доўга. Ён ведаў усё і мог распавядаць аб усім на свеце. Напачатку ён распачаў палымяную прамову пра зладзеяў-імперыялістаў, якія днём і ноччу пагражаюць нашай Айчыне — Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, як яны чыняць розныя дыверсіі і правакацыі; і супроць усяго гэтага паўстае наш мужны савецкі салдат. Казаў ён яшчэ пра братэрства, інтэрнацыяналізм, пра карову-рэкардсменку ў прыморскім калгасе, якую доіць маладзёна Манька і чакае свайго нарачонага з войска. I шмат яшчэ што казаў тоўсты чалавек. Слухалі яго будучыя салдаты ды розуму яго дзівіліся. А скончыў ён свае казанні перад самым "адбоем”.