Читать «Вайсковае евангелле (Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты)» онлайн - страница 2

Язэп Палубятка

2.6/ Лабуту выклікаў нейкі старшы лейтэнант з чырвонымі вачыма і сінім носам ды цвёрда зазначыў: “Будзеш дэсантнікам”. I гучна рассмяяўся. Назбіраў афіцэр ля сябе чалавек трыццаць. Сярод іх не было ні аднаго Міхасёвага знаёмага.

2.7/ Урэшце пасадзілі ўсіх хлопцаў у аўтобусы і павезлі на чыгуначны вакзал. Маці галасілі, дзяўчаты кідалі пад колы кветкі. Было сумна, некаторыя стрыжаныя плакалі, як дзеці. Міхась таксама шморгаў носам і не мог адарваць позірк ад маці.

У ДАРОЗЕ

3.1/ Як толькі аўтобусы спыніліся на чыгуначным вакзале, сяржант, які быў з “купцамі”, загадаў усім навабранцам шыхтавацца. Прызыўнікі рабілі гэта паволі і няўпэўнена. Вайсковец распачаў брыдка лаяцца, ужываў спрэс непрыгожыя словы, і толькі калі дамогся свайго, павёў хлопцаў да вагона. Адзін з афіцэраў чытаў прозвішчы навабранцаў, другі лічыў іх. Усе вайскоўцы лаяліся і пагражалі.

3.2/ У вагоне людзей было, што селядцоў у бочцы, нават на трэцяй полцы месціліся па два чалавекі. Афіцэры занялі першае купэ і выгналі адтуль стрыжаных. Салдаты і сяржанты, што суправаджалі іх, занялі апошняе купэ. I таксама не ласкава папрасілі адтуль усіх.

3.3/ Старшы лейтэнант з сінім носам ды чырвонымі вачыма выклікаў да сябе аднаго з салдатаў і загадаў, каб той тэрмінова знайшоў гарэлку. Салдат у сваю чаргу выклікаў некалькі прызыўнікоў і запатрабаваў, каб тыя самі аддалі яе. Напачатку хлопцы аднекваліся, казалі, што ў іх няма, але пад пагрозамі вымушаныя былі саступіць. Салдат аддаў некалькі пляшак гарэлкі афіцэрам, астатнія забраў сабе.

3.4/ Афіцэры выпілі гарэлку і запатрабавалі яшчэ. Салдаты ўжо ўдвух пайшлі да навабранцаў і самавольна распачалі пошук у іх пляцаках. Гарэлку, вядома, знайшлі, бо яна была ва ўсіх.

3.5/ Стрыжаныя таксама пілі. Пілі ўпотай, хаваючыся. Спяшаліся, каб салдаты і афіцэры не адабралі. Пілі, бо ведалі, што невядома калі вып'юць зноў.

3.6/ Міхасю Лабуце зноў пашчасціла. Ён знайшоў вольную трэцюю полку і, натомлены сумяціцаю апошніх дзён, адразу заснуў.

3.7/ Лабуту пабудзіў нейкі лапавухі Сяржук, у якога адабралі гарэлку, і яны выпілі на дваіх Міхасёву пляшку. Міхась зноў залез на полку. Лапавухі сядзеў і ўвесь час пляваў на падлогу. Потым яго званітавала. Тое ж сталася і з іншымі.

3.8/ Вагон нагадваў Ноеў Каўчэг і Аўгіевы канюшні адначасова. Непрыемны пах гарэлкі і страўнікавых вяртанняў рэзаў нос. Быў сапраўдны вэрхал: нехта горача спрачаўся, нехта журботна спяваў, а хтосьці тужліва плакаў. Кожнаму было сваё. Ва ўсім адчувалася туга і самота, якая была абвострана гарэлкаю.

3.9/ Ноччу аднаму з афіцэраў здалося, што бракуе гарэлкі, і ён ужо ўласнаручна распачаў правяраць рэчы навабранцаў ды лаяцца. Залез ён і на трэцюю полку ды выцягнуўу Міхася з-пад галавы пляцак. Гарэлкі, вядома, там не знайшоў і кінуў яго проста ў твар Лабуце . Шукаў у іншых, пакуль не знайшоў.

3.10/ Даехалі да месца прызначэння толькі раніцаю наступнага дня. “Радуйцеся, — казалі ім п'яныя вайскоўцы, — будзеце служыць амаль што ў Маскве”.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

КАРАНЦІН

1.1/ Апоўдні навабранцаў прывезлі ў вайсковую часць, што месцілася пасярод невялічкага гарадка ды засцерагалася ад яго вялізным бетонным плотам. Лабута адчуў стому. Захацелася паслаць усіх далёка-далёка, проста легчы і адпачыць, як звычайна ён рабіў дома. Такой магчымасці тут не было.