Читать «Вайсковае евангелле (Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты)» онлайн - страница 16

Язэп Палубятка

6.3/ Падымацца ўверх ужо не ставала моцы, а жадання спускацца ўніз не было аніякага.

6.4/ Міхась бездапаможна сеў, абапёрся плячыма аб камень і закрыў рукамі вочы.

6.5/ Яго і знайшлі так, сядзячым, на трэці дзень, зусім выпадкова і нечакана, знямоглага і задубелага, амаль засыпанага снегам.

6.6/ Ужо падумалі, што ён мёртвы. Адзін салдат абыякава варухнуў яго нагой, і хлопец падаў знак жыцця.

6.7/ Міхася на шынялі знеслі ўніз, на вайсковым грузавіку адвезлі на аэрадром, потым верталётам пераправілі ў акружны шпіталь.

6.8/ Увесь гэты час радавы Лабута быў у беспрытомнасці

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

ГУТАРКА 3 БОГАМ

1.1/ Надзеі на выратаванне не было

1.2/ Ён гарэў як у агні і бесперастанку штосьці шаптаў, з некім гаварыў.

1.3/ Міхась Лабута гутарыў з тым, у каго ніколі не верыў. Ён гутарыў з Богам.

— Навошта Ты прымусіў пакутаваць мяне, я ж Твой сын? Хіба варта так абыходзіцца са сваім дзіцём?

— Той, каторага ты забіў, таксама мой сын.

— Але ж ён не чалавек, ён гной. Ён збыткаваў з мяне, збыткаваў з іншых. Ён забойца ні ў чым не павінных людзей.

— Для мяне вы ўсе роўныя, як ахвяры, так і забойцы. Вось вазьмі, адрэж на руцэ які-небудзь палец, і табе ўсё роўна балець будзе. Так і мне баліць за кожнага з вас. А ты скажы, хіба маці таго хлопца, што забіў ты, не пакутуе? Для яе ён самы найлепшы, як і ты для сваёй маці.

— Так.

— Гэта яшчэ не пакуты. Бывае, у жыцці чалавека настае дзень, калі ён адракаецца ад блізкіх сваіх. Прыходзіць дзень, калі ён не хоча бачыць сваіх, каханыя становяцца нялюбымі. Чалавек адварочваецца ад усіх, і ўсе адварочваюцца ад яго. Нямілым становіцца белы свет. Чалавек сам сабе шукае згубы ды не знаходзіць яе. Чаго толькі не бывае ў жыцці. Я табе сведчу пра тое. Як бы табе ні было цяжка, ніколі не адракайся ад маці і Радзімы, яны ў цябе адзіныя. Ты — іх сын і навек з імі павінен застацца. Усё будзе залежаць ад цябе, як ты будзеш іх кахаць, як будзеш шанаваць.

ВЯРТАННЕ БЛУДНІЦЫ

2.1 / Калі ўжо ніхто не спадзяваўся, што салдат будзе жыць, да Міхася Лабуты вярнулася прытомнасць.

2.2/ Ён расплюшчыў вочы ды першай пабачыў перад сабою Марыю, блудніцу, і казаў ёй: “Каханая!”

2.3/ Яна ўзрадавалася, упала яму на грудзі ды горка-горка заплакала.

2.4/ Хлопец гладзіў дзяўчыну па галаве і ціхім голасам казаў далей: “Адзіная! Я буду кахаць цябе столькі, колькі жыць буду, бо ты выратавала мяне ад смерці. Там, у гарах, і потым у бяспамятцве здавалася, што я блукаю па бясконцых сутарэннях ды ніяк не магу знайсці выхад. Урэшце з'явілася ты з паходняю ў руках і павяла мяне да святла і сонца".

2.5/ Плакала блудніца Марыя і адказвала яму так: “Прысніўся мне адной ноччу незнаёмы сівы чалавек. Ён сказаў мне, што ты цяжка хворы і знаходзішся тут; а як я не прыеду, то ты памрэш".

2.6/ Яшчэ казала Марыя так: “3 сённяшняга дня я буду твая і толькі твая. Апроч цябе для мяне нікога не існуе болей. Любы. Каханы”.

2.7/ Здавалася Міхасю, што няма на свеце нікога бліжэй і даражэй, чым гэтая распусная жанчына.