Читать «Вайсковае евангелле» онлайн - страница 18

Язэп Палубятка

5.6/ Хлопец быў у роспачы. Хто паверыць, што Чыкін адабраў у яго новы аўтамат, а яму аддаў свой? Хто паверыць, што нябожчык забраў яго гранату, каб адчуваць сябе больш смелым?

5.7/ Зноў і зноў цвердзіў тое Лабута. Зноў і зноў яму не верылі.

5.8/ Казаў следчы Уладзімераў: “За мужнасць яфрэйтара Чыкіна ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга, а цябе я згнаю ў турме”

5.9/ Біў яго следчы. Білі салдаты. Саджалі ў карцэр, не давалі есці і зноў білі. Некалькі начэй не давалі спаць, і штодня гарбаносы следчы дамагаўся аднаго: “Пацвердзі мае словы”.

5.10/ Калі быў згублены лік дзён, праведзеных у турме, калі знікла надзея на ўсялякае выратаванне ды справядлівасць, яго нечакана перасталі вадзіць на допыт. Быццам забыліся пра яго.

5.11/ Лабута толькі еў ды спаў і лічыў, што лепш за гэты час у яго жыцці нічога не было.

5.12/ Урэшце яго выклікаў ахоўнік і адвёў у зусім іншы кабінет. За сталом сядзеў чырванашчокі разанец у званні маёра. Пабачыўшы Лабуту, ён прысвіснуў, гучна вылаяўся і сказаў' “Ну, адпрасаваў цябе, жыд пархаты. Думае, як жончынае прозвішча ўзяў, дык рускім стаў. Не хвалюйся. Твая справа закрыта. Усё скончана. Падумаеш, застрэліў некалькі азіятаў. Няўжо мы будзем за гэта судзіць свайго хлопца? Няма ўжо СССР, разваліўся ён. А раз разваліўся, значыць няма такіх законаў, каб судзіць цябе. Ідзі, служы! Выконвай свой пачэсны абавязак”.

БАДЗЯННЕ

6.1/ Новым месцам службы Міхася Лабуты стаў невялічкі гарадок на Урале.

6.2/ Казаў новы зампаліт, што Савецкі Саюз ляснуў і, дзякуй Богу, цяпер вы ўсе абаронцы Вялікай Расіі. Бульбашы і хахлы таксама самастойныя, але яны з намі заадно.

6.3/ Міхасю Лабуце зноў захацелася дамоў. Ён падсвядома разумеў, што паколькі ён беларус і ўжо грамадзянін іншай дзяржавы, то з той нагоды яго могуць зноў некуды паслаць ваяваць. Гэтага ён баяўся больш за ўсё.

6.4/ Некаторыя афіцэры-беларусы іх вайсковай часці добраахвотна вярталіся на Радзіму.

6.5/ I казаў радавы Лабута новаму камандзіру, што ён не хоча служыць у расійскім войску, што хоча служыць Бацькаўшчыне

6.6/ Адзін дзень казаў камандзіру, другі дзень казаў камандзіру, тыдзень казаў. На службу не хадзіў. Камандзір напачатку аб'яўляў пазачарговыя нарады на службу. Лабута не падпарадкоўваўся. Так цягнулася месяц часу.

6.7/ Аднойчы камандзір часці вывеў яго за браму, піхануў у плечы і сказаў: “Прэч ідзі, неслух! Не хачу цябе бачыць. Шыбуй пехам у сваю Беларусь”.

6.8/ Ён не меў з сабою ні рэчаў, ні грошай. Напачатку з'явілася жаданне вярнуцца назад, але ўласны гонар узяў верх, і ў вайсковую часць ён не пайшоў.

6.9/ Лабута падаўся на чыгуначную станцыю. Прайшоў пехам болей чым дваццаць кіламетраў. На вакзале яго затрымаў патруль за парушэнне вайсковага строю. Прывялі ў камендатуру, правялі дазнанне Казаў салдат, што яго выгнаў камандзір часці за тое, што не хоча служыць у расійскім войску, а прагне служыць Беларусі.

6.11/ Пазбыткавалі, пасмяяліся, пастрашылі трыбуналам, а ўрэшце, каб не мець лішняга клопату, вярнулі ў вайсковую часць.