Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 22

Іван Навуменка

За час Яшавай адсутнасці руды Алёша прыдумаў гімн для слабадскога войска. Хлопцы маршыравалі па вуліцы і спявалі:

Аты-баты, йшлі салдаты, Аты-баты, ваяваць, Аты-баты, йшлі салдаты Першамайку разганяць...

Песня спадабалася Яшу. Пад яе было лёгка ісці, і яна прыдавала адвагі і смеласці. Кожную раніцу Слабодка, адбіваючы крок, ішла з гэтай песняй купацца ў Цітавай копанцы. Першамайскія хлопцы не паказваліся. Усе лічылі, што яны проста баяцца сілы Слабодкі. Але хутка пайшлі трывожныя чуткі. Нехта расказаў Алёшу, што да Аркадзя Панядзелка прыходзілі пасланцы з Першамайкі, і ён аб нечым з імі дамаўляўся. Гэта была здрада. Аркадзь лічыўся цяпер камандзірам палка, у яго полк уваходзілі не толькі хлопцы з чыгункі, а і са Слабодкі, і калі б ён цяпер перайшоў на бок Першамайкі, гэта зблытала б усе планы вайны. Трэба было нешта неадкладна прыдумаць.

— Ідзі прывядзі мне Аркадзя, — загадаў Яшу руды Алёша. — Ты з ім разам вучышся, проста пазаві яго да сябе гуляць.

Яша пайшоў. Ён не любіў Аркадзя і ніколі не хадзіў да яго. Каб Яшава ўлада, ён ніколі не прымаў бы Аркадзя ў слабадское войска. Хоць яго бацька і лавіў бандытаў, але Аркадзь здраднік. Ясна, што такому давяраць нельга. I навошта яшчэ Алёша прызначыў яго камандзірам палка? Цяпер гэты Аркадзь выдаў белагаловаму Косцю ўсе іхнія планы...

З такімі невясёлымі думкамі прыйшоў Яша на чыгуначны пасёлак, дзе жыў Аркадзь. Ён застаў яго дома, але Аркадзь нават не захацеў з Яшам размаўляць.

Не пайду я да цябе, — сказаў ён. — Ведаю я вашы хітрыкі... Хочаце мяне да Тарабана зацягнуць.

Дык ты ж прысягу падпісваў! — не сцярпеў Яша, адразу выдаўшы свае намеры. — Як жа цяпер?

Пляваць я хацеў на гэтую прысягу. Косця ў сто разоў разумнейшы за вашага Тарабана. Не хачу я з вамі, і канец. I хлопцы нашы не пойдуць...

Дык чаму ж ты адразу не ішоў да Косці?

Куды хацеў, туды і ішоў, — адказаў Аркадзь. — А ты не сунь носа, куды не просяць...

На гэтым размова і скончылася. Сваёй задачы Яша не выканаў. Не мог жа ён сілком зацягнуць да сябе гэтага Панядзелка. Хлопец вярнуўся на Тарабанаў двор і пра ўсё расказаў Алёшу.

У той жа дзень пад павеццю тэрмінова засядаў штаб. Алёша ўпершыню разгубіўся. Ён не ведаў, што рабіць. Хлопцы крычалі, усяляк пагражалі Аркадзю, а Тарабан сядзеў і маўчаў. Ён здаваўся нейкім прыбітым, прыніжаным. Такім яго Яша не бачыў ніколі.

Я яго злаўлю і заб'ю, — прапанаваў Цярэшка Лузанік. — Няхай ведае...

Калі заб'еш, то ён ужо нічога не будзе ведаць, — перабіў Цярэшку Алесь Бахілка. — Яму трэба проста добра ўсыпаць. Каб не круціў хвастом. Нашым — дык нашым, а вашым — дык вашым.

Спаймаць, зняць штаны і крапівой, крапівой, — падтрымаў Бахілку Змітрок Калашкан. — Каб ён цэлы месяц не мог сесці. I скардзіцца сорамна будзе...

Пры апошніх словах Алёша падняў галаву. Яго вочы загарэліся. Усе бачылі, што Алёша нешта зноў прыдумаў.

— Аркадзя трэба злавіць, — сказаў ён ціхім, але рашучым голасам. — Але біць яго не будзем. Раз ён знюхаўся з першамайцамі, то біццём не паможаш. Аркадзя трэба прывесці сюды. Зробім на яго засаду...