Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 20

Іван Навуменка

У слабадскім войску з'явіліся дзве гарматы, зробленыя з жалезнай трубы. Вядома, ніякай небяспекі для першамайцау ад іх не было. Хутчэй наадварот. Каб гармату раптам разарвала, то таму, хто яе абслугоўваў, прыйшлося б нялёгка. Артылерыю арганізавалі з тым разлікам, каб наганяць на Першамайку страх.

Яшу Алёша прызначыў старшым бамбардзірам. На яго абавязку ляжала несці на плячы гармату і перад пачаткам наступ лення стрэліць з яе. Пасля гэтага яму належала нароўні з усімі кідацца ў бой. Камандаваў Яшам і яшчэ адным бамбардзірам і іачальнік артылерыі Цярэшка Лузанік. Гэты Цярэшка за шэсць год сваёй вучобы не здолеў нават закончыць трох класаў. Яша цяпер яго дагнаў, хоць Лузанік з незапомных часоў шыбаваў міма Яшавага двара ў школу. Калі Яша яшчэ не вучыўся, ён лічыў Лузаніка надзвычай разумным хлопцам і нават зайздросціў яму. Цяпер жа ўся Яшава павага да Цярэшкі Лузаніка прапала. Цярэшка ж як камандзір паставіў сябе дужа высока.

Пушку трымай у спраўнасці, — павучаў ён Яшу. — Без маёй каманды не страляць. А то я табе ўсе рэбры пералічу.

Пералічы, — са злосцю агрызнуўся Яша, — колькі будзе васьмю дзевяць? Не ведаеш. Дык як жа ты пералічыш?

Лузанік аслупянеў. Ён не чакаў такога адпору. Хлопцы засмяяліся. Тады Цярошка кінуўся з кулакамі на Яшу. Ён быў дужэйшы за яго, і Яшу, вядома, папала б, каб іх не разнялі. Лузанік пайшоў скардзіцца самому рудому Алёшу, і той хутка выклікаў Яшу да сябе.

— Не будзеш слухаць камандзіраў, выганю з арміі! — заявіў Алёша. — Запомні гэта.

— А камандзір мае права пагражаць? — не вытрымаў Яша. — Чаго ён мне збіраецца рэбры лічыць? Няхай лепш табліцу множання вывучыць. Тры гады ў адным класе сядзіць, дурніла. — Яша ледзь не плакаў.

— Ён дужэйшы за цябе, — не адступаў ад свайго Алёша. — Ён цябе адной рукой вобземлю лясне. Такіх, як ты, яму трэба тры на аднаго...

Супраць такога пярэчыць не прыходзілася. Цярэшка Лузанік сапраўды быў дужы як бык. Аднойчы хлопцы пайшлі ў заклад: хто больш з'есць ляжалых грушы-дзічак. Лузанік увабраў аж дзве шапкі. Ён, можа б, з'еў і больш, але гнілак ужо не было.

Вайна ўсё не пачыналася. Белагаловы Косця нешта хітраваў. Першамайцы не паказваліся каля Цітавай копанкі. Нападаць жа на іх проста так Тарабан не хацеў. Трэба было, каб Першамайка сама парушыла мірны дагавор і першай прыйшла купацца ў Цітаву копанку. Тады б належала накінуцца на яе з усім гневам і злосцю.

Пакуль ваенныя дзеянні не пачыналіся, руды Алёша прыдумаў яшчэ адну надта цікавую рэч. Каб захаваць ваенную тайну ад варожай разведкі, ён вырашыў навучыць сваё войска новай мове. Дзе Алёша авалодаў гэтай мовай, было невядома, але яго прапанова спадабалася. Слабодка павінна была цяпер размаўляць так, каб Першамайка не разумела ні слова.

Яша адразу авалодаў сакрэтам новай мовы. Трэба было проста расцягнуць слова, перанесці першы склад назад, замяніўшы яго на «ша», і дадаць потым у канцы «ца». Слова рабілася незразумелым. Яшу цяпер звалі: Шаша-яца, Алёшу — Шалёша-аца, Бахілку — Шахілка-баца.