Читать «Бывалы Юр у Менску» онлайн - страница 3

Каганец Карусь

– А бач! Вось дзе завеса прадрана, так праз тыя дзіркі відаць, як якіясь людзі там варушацца.

– Цсы, ужо вось падымаюць.

– Уга, так іх тутака шмат! І што гэта за народ прастаўляецца? Хіба запарожцы?.. Бо я на малюнках бачыў – так такая ж вопратка. Та як мне паведаў, то ў нас усё дваранства ў гэтакіх кунтушках хадзіла.

– Сказаў бы, та сам не ведаю.

– А гэты, што сядзіць і гарэлку п'е, то саўсім расейскі ямшчык, адно браню мае. Чакай, хіба гэтага паніча спытаю.

– Што ж, ён, пэўна, знае.

– Выбачайце, панічыку, што я ў вас спытаю!

– А што такое?

– Што гэта за народ і што яны прастаўляці будуць?

– Гэта грузіны, а прастаўляці будуць, як лезгін грузінску дзеўчыну ўкраў, нарачону аднаго малайца, а яна ад лезгіна ўцякла, і калі яго грузіны злавілі, хацелі расстраляці, аказалася, што гэта яе брат быў.

– Выбачце, панічыку, але яны неяк на грузінаў не пахожы… Я, бачыце, троха жыў на Капказі. Яны-то носяць кунтушы, та не такія зяхратыя. Што я бачыў, так суконныя цёмныя, а найболей саўсім чорныя, або шаўковыя серабрыстыя з лелевым пералівам. Толькі падбіўку зяхрату даюць, і кунтушы іхнія доўгія, аж па костачкі, а рукавы аж па лыткі вісяць. І гэта толькі старшыя дваране, а маладзеж, то ўсе ў чаркесках гуляюць.

– А хто іх знае. Можа ў тэатры вопратак грузінскіх няма.

– А хто гэта? Мяснік якісь, чы што?

– Гэта ж Хаджы-Мурат, лезгін, каторы мае грузінку ўкрасці.

– Цікавасць! Я колькі быў на Капразі, так пузатага лязгіна не бачыў, бо і дзе ж яму па гэтакіх гарах пуза цягаці. А яны ж як козы чапляюцца… Яны ж не жывуць пры месцы, як другія, бо яны гарачыні не любяць… На лета ідуць у самыя горы, а на зіму на ніз спускаюцца.

– Так вы бывалы чалавек.

– Ат, паездзіў па свеце. Бачыце, я ў дохтара служыў… Так за ім…

– А вось і грузінкі выйшлі. А вось і маладая… Гэта яны нарачонага выйшлі спаткаці.

– Мг!.. Чаму гэта я, што бачыў, то ўсе ў чорнай вопратцы, як манашкі, толькі на лобі абручок залацісты, так у пальцы два шырыні… Гэта лезгінкі і татаркі ў чырвонае адзяюцца, толькі татаркі паверх белае пакрывала яшчэ накідаюць. Дзякую, панічу, што аб'яснілі.

– Ну, Пракопе, мо пойдзем да мяне, павячэраем?!

– Яшчэ ж гэта не канец. Яшчэ дзве часці будуць.

– А бог з імі, калі нічога ўцешнага няма… А то паглядзім другой часці. Аднака звоняць ужо… Можа будзе весялейша.

– Ну што, як гэта спадабалася вашэці?

– Ат, мала. Адно гэты Давыдка так уцешны. Найболей як стаў прыказваць, а злашча пра Манджурыю, як нашы рускія храбрацы ўсё ліха забралі… ха-ха-ха!.. Но!.. Але ідзём!

1902 г.