Читать «Бывалы Юр у Менску» онлайн

Каганец Карусь

Карусь Каганец

БЫВАЛЫ ЮР У МЕНСКУ

– Трэк… мг… трэк… трэба пайсці за імі паглядзець, што такое трэк, бо хоч не мала свету з'ездзіў, а трэка не бачыў.

Так размышляў Юрко Мілюк, ідучы па самай доўгай вуліцы нашага горада.

– А бач!.. Здаецца, Пракоп?

– Ён самы, а вы чы не Юры Мілюк?

– Але ж.

– А я і не пазнаў бы, каб не загаварылі.

– Бо даўно ж і бачыліся, гэта ж яшчэ як я на Капказі не быў. А ты тутака служыш, чы што?

– А як жа, вось у гэтым доме дворнікам, а вы докуль ідзеце?

– А вось іду трэка пабачыць, што за штука такая. Іду – чую, гэтыя паны кажуць да сябе: «Пойдзем на трэк». Я думаю, што за трэк, і пайшоў за імі назіркам. А ты бачыў калі трэк?

– А-ей, чы раз!.. Толькі там дарам не пусцяць, трэба білет браці.

– А шмат плаціці трэба?

– Не лішняе… па залатоўцы.

– А можа маеш час, так пойдзем разам, я і за цябе заплачу?!

– Ну што ж, хадзема! Ну што ў вас чуваць? Здаровы ўсе?

– Ат, што… Ад ліха ціха, добрага не чуваць. Жывём сяко-тако, дзякаваць богу. А гэта што за гай?

– Губернатарскі сад называецца, тут гарадскія гуляць ходзяць. Тутака і трэк, і тэатр ё, і рэстаран… Вось і трэк. Тутака ў гэтай будцы білеты браць трэба.

– А дзе гэта музыка іграе?

– А тутака ж на трэку…

– Так на ж табе, Пракоп, дзве залатоўкі, вазьмі білеты! Чы бачыш які кленнік харошы?.. Эх каб мне такі.

– Та вот лепей пойдзем! Наце білет! Толькі схавайце добра, каб не згубіці!

– А гэта што за паветка? Там нейкія цацкі відаць.

– Гэта тут у цэль страляюць, у гэтыя цацкі.

– Хіба яны плату вялікую бяруць за гэта, бо адкуль жа б гэтых цацак набралася!

– Та з гэтай стрэльбы нічога не папсуеш, толькі лясне, як бы гарошынай кінуў. А бяруць, добра не ведаю колькі, здаецца, чы ні па грыўні, а мо і па саракоўцы… не ведаю.

– А гэта шыбеніца што азначае?

– Гэта ж гімнастыка, тутака панскія дзеці чапляюцца, а гэта гыганы…

– Але… Гэта я зразу не разабраў. Вот мой божа! І гарадскія маюць ахвоту чапляцца… Нашы то за птушкамі, а яны птушак не маюць, так вось яку штуку прыдумалі. А дзе ж той трэк? Нешта я ніяк не цямлю, што гэта трэк.

– А вось гэта кругловіна.

– Так вось што трэк!.. Гэта ж тут на ласіпедах ганяюцца адзін за другім. А гэна пасярэдзіне што?

– Гэта?.. ай, та я і забыўся. Сапраўды, чакай!.. Здаецца, тры… гу… на. Ага, трыгуна – тутака пузатыя паны засядаюць і глядзяць, як падхорцістыя панічы кругом лятаюць, каторы каторага абгоніць.

– Цяпер я цямлю. А, бач, што гэта, чы гэта яны нарокам так у кучу ссыпаліся?

– Да дзе ў ліха нарокам… Адзін як скінуўся, так другі, разагнаўшыся, не можа здзержаці і валіцца на яго, а на таго трэці, і так усе.

– Калі так, то, пэўна, ім не да смеху, але здалёку гледзячы, так дужа ўцешна. Быў я ў цырку, так і там хораша скачуць, то ўсе на адзін лад, а тутака: той выпучыцца, той скуліцца, той набок перакрывіцца, той носам, той патыліцай, а ўсе рукамі і нагамі махаюць, быццам што злавіці хочуць. О! так аднача ім добра падаставалася… Бачыш, як крыўляюцца? Адзін так сам і не ўстане… Вось так забава! А паветкі гэтыя навошта?.. Ага, тут у невашта іграюць… у шашкі, чы што?

– Не, гэта не шашкі; у шашкі – так усе хвігуркі аднакай формы, толькі адны белыя, другія чорныя, а тут, бачыце, усякія: і малыя, і вялікія, то як бы вежы, то як коні, а гэта сама вышша то караля азначае, трошкі меншая – то каралева… Гэта па-расейску «шахматы» называецца, а паны называюць «шахы». А ў той паветцы нейкія галкі кідаюць, адно не ведаю, як ту ігру называюць.