Читать «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ» онлайн - страница 8
Язэп Найдзюк
У часы нэаліту разьвівалася ўжо прадзеньне з вітых канопляў, пляценьне з кары (Лыка) і вецьця, а таксама тканьне грубых тканінаў, з якіх пачалі шыць адзежу заміж ранейшых адзежынаў з зьвярыных шкур. На раскопаных стаянках гэтага часу сустракаюцца рэшткі грубога глінянага судзьдзя, лепленага рукамі. Рабілі ўжо тады людзі чаўны, прывучалі да сябе дзікую жывёліну, а займаліся пераважна паляваньнем і рыбацтвам. Дзеля гэтага пасяляліся пераважна каля рэкаў у шалашох з жэрдак, пакрытых карой, ці скурай. Такіх паселішчаў з эпохі нэаліту адкрыта на Беларусі каля 800 пры рэках Сожы, Проні, Бяседзі, Іпуці, Дняпры, Прыпяці, Гарыні, Бярэзіне, Друці, Нёмне, Бугу. У іх знойдзена шмат розных каменных прадметаў, як сякераў ды іншых, а таксама і мядзяныя прадметы: кліны, долаты, мядзяныя сярпы, наканцоўнікі дзідаў.
Пазьней старадаўныя жыхары Беларусі пачалі займацца земляробствам і жывёлагадоўляй. Яны сеялі ячмень, проса і другія збажыны. У сувязі з земляробствам рабілі земляробскія прылады — матыкі, сохі, бароны. Больш-менш 1.500 год назад жыхары нашага краю, як сьцьверджана пры дасьледчых раскопках, умелі ўжо з балотных зялезных рудаў выплаўліваць зялеза і рабіць з яго зялезныя прылады. Зялеза выдабывалася з руды пры помачы маленькіх гліняных печак. У іх распальваўся вугаль, а на слой вугальлю насыпалі слой руды, пасьля зноў клалі вугаль і пры дапамозе простата паддувала вугаль разгараўся, руда плавілася, а зялеза выцякала на прырыхтаванае ніжэй дно печы.
Гэтак пачынала разьвівацца жыцьцё на Беларусі.
ІІ
Адкуль узяліся людзі на Беларусі. — Расавае іхнае паходжанне. — Арыйцы. — Славяне ды іхная прабацькаўшчына. - Сямейны, гаспадарскі, культурны і грамадзкі быт славянаў. — Плямёны. — Характарыстыка славянаў.
Адкуль узяліся людзі на беларускіх землях — навука не дае нам адказу. Мяркуючы, аднак, паводле расавага паходжаньня жыхарства, можна ўсё-ж дайсці да некаторых мэтных выснаваў. Насельнікамі беларускіх земляў у абсалютнай бальшыні зьяўляюцца беларусы, якія належаць да сямьі народаў славянскіх, арыйскага паходжаньня. За бацькаўшчыну арыйцаў адны вучоныя ўважаюць сучасную Пэрсію за Касьпійскім морам у паўдзённай Азіі, якая быццам наагул была месцам паходжання першага чалавека, а некаторыя вучоныя ізноў цьвердзяць, што бацькаўшчынай арыйцаў была Нямеччына. Нямецкі-ж вучоны Пошэ цьвердзіць, што бацькаўшчынай арыйцаў была Беларусь, галоўным чынам Меншчына і Піншчына. Калі-б так было, як кажа Пошэ, дык можна думаць, што арыйская раса вырадзілася з тых народаў, якія жылі ў нашым краі і ў суседніх у эпоху нэаліту.
Арыйцы спачатку былі адным суцэльным народам, але з часам між імі паўставалі ўсё большыя і большыя розьніцы і ўрэшце яны падзяліліся на шмат розных асобных арыйскіх народаў. Перадусім быў падзел на германцаў, кельтаў, італійцаў, грэкаў, славянаў, балтаў, пэрсаў, індусаў ды іншых. З германцаў з часам паўсталі сучасныя немцы, галяндцы, флямы, данцы, нарвэгі, швэды. Частка германцаў увайшла ў склад ангельскага народу, а іншыя зноў увайшлі ў склад цяперашніх італьянцаў і гішпанцаў. З кельтаў паўсталі брэтонцы, ірцы, шкоты, і частка іх увайшла ў склад народу францускага, а частка ў склад народу ангельскага. З балтаў паўсталі многія іншыя народы: летувіскі (жмудзінска -аўкштоцкі) і латыскі. З славянаў паўсталі: беларусы, украінцы, расейцы, палякі, чэхі, баўгары, сэрбы, харваты, славенцы ды іншыя.