Читать «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ» онлайн - страница 6

Язэп Найдзюк

У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: ці мае сваю гісторыю наш беларускі народ, ці ёсьць гісторыя Беларусі?

Вось-жа беларусы сваю гісторыю маюць. Бо беларускі народ у грамадзкім і культурным разьвіцьці адыйграў паважную ролю. Ён меў сваё гаспадарства, сваю культуру, школы і літаратуру. ЁСЬЦЬ беларускія гістарычныя памяткі, дакумэнты. Аб беларусах пісалі розныя летапісцы, пісьменьнікі, паэты і вучоныя. На аснове працаў розных гэных вучоных аб гісторыі Беларусі і напісаны гэты кароткі папулярны нарыс.

Гісторыя Беларусі, як і іншых народаў, краёў і ўсяго сьвету, мела розныя пэрыяды. I як у сівой мінуўшчыне выглядала Беларусь, цяжка сказаць, як цяжка сказаць, як выглядала ад самага пачатку зямля, на якой жывём. Вучоныя нам кажуць, што мільярд год таму зямля была вялізарным распаленым клубком — куляю, абкружанаю парай, і ніякага жыцьця на ёй ня было. Сотні мільёнаў год таму, калі зямля зьверху пакрысе астыла, радзілася ўжо жыцьцё, паўставалі горы, даліны, моры, вазёры, рэкі і рэчкі. Дзесяткі-ж мільёнаў год назад ужо было шмат расьлінаў, вялікія лясы і багата розных стварэньняў як на сухазем'і, так і ў вадзе, у рэках, вазёрах і моры. Частка-ж сучасных стварэньняў і расьлінаў зьяўляюцца нашчадкамі гэных, якія былі калісь. Калі на сьвеце зьявіліся людзі, навука дасюль ня сьцьвердзіла.

Сваім геаграфічным палажэньнем беларускія землі знаходзяцца між заходняй і ўсходняй часткамі Эўропы. у даволі халодным клімаце. Беларусь парэзана рэкамі і рэчкамі, якія сьцякаюць ці то ў Чорнае, ці ў Балтыцкае мора. Беларускі краявід даволі рознастайны: ёсьць раўніны, узвышшы і лясы. Глеба беларускае тэрыторыі належыць да нечорназемнай паласы і адзначаецца вялікай рознастайнасьцяй, у залежнасьці ад паасобных раёнаў. Наагул-жа на тэрыторыі Беларусі спатыкаюцца глебы: суглінкавыя, балотныя (багністыя), пяскавыя, патрабуючыя значнага ўгнаеньня.

Шмат тысяч год назад край наш і нашых суседзяў, як цьвердзяць вучоныя, быў морскім дном. Пасьля мора адплыло, высахла і пры цёплым клімаце, падобным да таго, што пануе цяпер у паўдзённых цёплых краёх, на нашай сучаснай зямлі расьлі розныя вялізарныя дрэвы, а сярод іх многа было розных вялікіх зьвяроў, перш а -бытных быкоў і насарогаў. Пазьней клімат зьмяніўся. ён рабіўся халаднейшым і ў гэную пару зьяўляліся зьвяры, званыя мамутамі, косьці якіх і цяпер выкопваюць вучоныя пры дасьледных раскопках. Адначасна з ахаладжэньнем клімату праз тысячы год бязупынна ліліся дажджы ды ішоў сьнег. Дзякуючы гэтаму ў паўночных і горных краёх, у Фінляндыі ды Скандынавіі павырасталі масы лёду па колькі сот мэтраў угрубкі. Тымчасам дажджы далей ліліся і зьверху нарасталі ледавыя торы, якія націскалі на тыя, што паўсталі раней. З гэтае прычыны маса лёду кранулася і памалу папаўзла на паўдня, адрываючы і нясучы з сабой часткі скалаў ды пераціраючы іх на каменьні і пясок. Гэтыя ледавіковыя горы ў канцы дапаўзьлі і да Беларусі і нават далей на паўдня, пакрываючы ўсё. Пэрыяд гэны, званы ледавіковым, трываў сотні тысячаў год.