Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 52

К Акула

- Пекны горад! Не? - сказала Дуня.

Янук задумаўся. Калi глядзiш на яго здалёку, дык iз сваей велiчнай панарамай горад дзiва якi прыгожы. Ды ў памяцi трываў iншы цобраз: ля вэрхару крамаў iз прынаднымi таварамi аж кiшэла ад бедных дзетак, вулiцы й завулкi сьмярдзелi адсутнасьцю адходнае сыстэмы, а зялёнае й прыгожае здалёку возера поўнiлася гусiным i iншым калам, сьцёкамi ды iншым хламам. Рыбак з вудачкай (былi й такiя-ж, - зьлiтуйся, Божа! - рыбакi) мог прасядзець цi адну пару й нiчога ня клюнула. А дзядзька Захарук iзь сьлязьмi ў вачох апавядаў як бальшавiцкая брыдота ў бярэзьвiцкiм манастыры-вязьнiцы нарабiла. I прыгадваў Янук, на яго думку, найбольш велiчную аграмадзiну праваслаўную царкву. У сярэдзiне надта-ж прасторнага, наводля рэпы, купалу пырхалi "сьвятыя птушкi". Юнак iх на свае вочы бачыў. Такiя самыя, як на iконах Хрышчэньня намаляваныя, ды пра якiх у дзень Вадохрышча сьпявалася:

I дух вiдзе галубiне...

Дух гэны, як у сьвятым Эвангельлi сказана, у выглядзе галуба на Хрыста зыходзiў. А гэтыя-ж галубы, што гаспадараць усярэдзiне вялiкага царкоўнага купалу, улезьлi туды, пэўне-ж, праз пабiтыя вокны, якiх зьнiзу не разгледзiш, завысака. А што яны - зусiм ня дух, на гэта доказы ёсьць. Стаiш у царкве, Богу молiшся, а тут раптам плёх на галаву. Памяркуйце самi

Ад "сьвятых птушак" да Жыда Iцкi зь ягонай Хайкай, цi як яе...

- Ой, ня будзiць дабра, Януцок, ня будзiць! - лямантаваў Iцка й жывёльны страх у вачох ягоных загнязьдзiўся. - Насы ў Польсцы пазганялi ў "гетта", б'юць i страляюць! Ой, нi цакаць i нам дабра!

- "Бедныя людзi, шкада iх! - думаў Янук. - I няўжо Немiц гэты такi зьвер?"

Маўчала побач Дуня. Вышчабяталася. Спасьцерагла, што Янук пiльна да яе прыглядаецца. Усьмiхнулася. Не хацелася з гэтага месца йсьцi. Здавалася юнаку, што сядзеў-бы так зь любай дзяўчынай, цешыўся-б цудоўным вiдам гораду й няхай-бы забаўляўся валосамi лёгкi вецярок.

Ззаду, з-за плячэй, адтуль, дзе гасьцiнец усьпiнаўся на пяшчаны ўзгорак, даляцелi дзiкiя крыкi, скрып калёсаў i адзiнотны стрэл. Янук i Дуня ўмiг скочылi й пабеглi ў гэны бок. Трымалiся воддаль ад бальшака. пад прыкрыцьцём кустоў. Перад iмi на даўгiм, прынамся на кiлямэтр, гасьцiнцы, убачылi вуж вазоў-аднаконак, наладаваных шэрымi мяхамi. I гэны вуж, як адразу было вiдаць, завяз у сыпкiм, дробным пяску. Гэты адрэзак дарогi добра, аж занадта добра, ведалi вакольныя сяляне й старалiся, калi зь цяжкiмi вазамi, аб'яжджаць яго докшыцкiм гасьцiнцам.

Новы ўладар, вядома, мог пра гэта ня ведаць, або й перасьцярогаў на ўвагу ня браць. Зь сялянскiмi сьвiткамi ўперамешку варушылiся ля вазоў нямецкiя мундзiры. Некалькi чалавек, натужыўшы як мага мускулы, учапiлiся за сьпiцы калёсаў, намагалiся пхнуць пярэднi воз. Адзiн лейцамi спанукаў i пугай лупцаваў у аглоблях сiвога каня.