Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 51

К Акула

На зялёным даху яе распоўзься аграмадны бiзантыйскi купал, якi абступiлi чатыры вежы. Ззаду да сьвятынi прытулiўся вялiзны, з чырвоным дахам, будынак калiшняга кляштару. Насупраць царквы, перазь немалы пляц i вулiцу зухавата чапурыўся дзьвюмя барокавымi франтавымi вежамi рыма-каталiцкi парафiяльны касьцёл. Ракой Бярэзьвiцай, што прабягала пад мостам на Вiленскай вулiцы, гэтта-ж побач старога й бязьдзейнага вадзянога млыну, возера Глыбокае спалучалася з возерам Беразьвецкiм. На паўночным канцы апошняга вiдаць быў сiлуэт калiшняга Базыльянскага касьцёлу й кляштару. Палякi трымалi тут гарнiзон кавалерыi, а бальшавiкi замянiлi яго ў вязьнiцу, у якой закатавалi шмат выдатных мясцовых людзей.

Направа ад праваслаўнае царквы зелянеў стары гарадзкi сад, а за iм могiльнiк. Шнуром старых бярозаў бег гэтта гасьцiнец на Лужкi й Дзiсну. За царквой i парафiяльным касьцёлам, у паўночна-ўсходнiм куце стоўпiлiся двухi трохпавярховыя будынкi. Два зь iх калiсь памяшчалi пачатковую й тэхнiчную школы. Стаялi побач бальшака, што бег на Азерцы й Мамаi.

У прадаўгаватае Беразьвецкае возера з аднаго боку ўглядалася сьвятыня з кляштарам, а заходняга - сасьняк на пяскох. Вялiзная i крыклiвая хмара груганоў i варон нiколi ня сьцiхала над жыдоўскiм могiльнiкам побач конскага рынку, якi атрымаў мазву ад таго, што калiсь на iм пераважна коньмi гандлявалi. Галоўны-ж рынак ляжаў на скрыжаваньнi вулiцаў Вiленскай i Докшыцкай, у цэнтры места. Сюды з паўдня дабягаў i гасьцiнец, ля якога сядзелi цяпер нашыя юнакi. Паўдзённы й захаднi бок гораду раськiнуўся на ўзвышшах. Гэтта пасялiлася бальшыня Жыдоў i вырасла калiсьцi вялiкая, як пуня, сынагога. У недалёкай будучынi паўстане тут i глыбоцкае "гетта", у якiм зброя й пажар вынiшчуць рэшту жыдоўскага насельнiцтва пад восень 1943 году.

Чыгунка з Гацяў дугой падбягала да гораду з паўдня. Цягнiкi спынялiся на станцыi паблiзу шырокага Докшыцкага гасьцiнцу, дзе на белай вадакачцы вялiкiмi лiтарамi напiсалi назву гораду, а чыгунка бегла на захад, - на Варапаева, Паставы, Сьвянцяны й Вiльню.

Юнакi любавалiся панарамай места. Яго зелень, пярэстасьць будынкаў i аж тры сьвятынi, што ў абодвы возеры ўглядалiся, iдылiчным выглядам запярэчвалi iснаваньню якой-небудзь вайны. Праўда, кагадзе ў Бярэзьвiчах нос зарываў смурод ад трупаў замардаваных бальшавiкамi вязьняў, а цяпер нямецкая жандармэрыя СС, апора "новае Эўропы", разьмясьцiлася ў выгадным будынку побач Бярэзьвiцы на Вiленскай вулiцы. Зьявiлiся ўжо й жоўтыя мундзiры нямецкае цывiльнае ўлады, а польская разьведка, на службе свайго замежнага ўраду, ужо рабiла лiсты Беларусаў, якiх пасьля зьнiшчала нямецкiмi рукламi як "камунiстых".