Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 237

К Акула

Аўген Князь падаў Дзеркачу руку.

- Дзякую, - адказаў Антось.

- Значыцца да гэтага часу, - прадаўжаў Князь, - я ў вельмi агульных словах сказаў пра нашых хаўрусьнiкаў; тых, што маем i тых, што мець можам i будзем. Я выразiў надзею, што будзе вайна мiж захаднiм вольным сьветам i Масквою. Гэтага мы можам быць пэўныя. Цяпер пытаньне, магчыма, не апошняй важнасьцi: калi яно будзе? Сам Бог ведае. Усё-ж мы перш за ўсё людзi й калi плянуем вялiкую дарогу, дык прыблiзна аблiчаем час калi скончым вандроўку. I тут наш чыста людзкi элемэнт падказвае наступнае пытаньне: а што, калi гэтай вайны, якую мусiм выкарыстаць скора ня будзе? Што, калi яна будзе за трыццаць цi сорак гадоў? Што маем рабiць? Складаць зброю? Колькi мы можам, палягаючы галоўна на свае сiлы, вытрымаць у няроўным змаганьнi? А што яно будзе няроўнае, хiба-ж ясна. На гэта ўсё цяжка адказаць. Цяпер у нас iншага выхаду няма, а час пакажа што маем рабiць, прынамсi тыя з нас, што выжывуць... Я гавару да вас, як бачыце, зусiм шчыра, бо ведаю што вы ня лыкам шытыя... Скажу пра нашу цяперашнюю сытуацыю. Сiлы ў нас немалыя, арганiзацыя працуе, мэтады й сродкi ворага знаем навылёт. Сувязi з суседзямi маем. Сiлы нашы растуць i яшчэ павялiчацца ў змаганьнi...

Янук глядзеў на белабрысага чалавека, слухаў яго цiхiя словы, зьмест якiх здаваўся зусiм нярэальным. Гэты-ж чалавек гаварыў пра будучыню, якая вось неўзабаве мае распачацца. У гэтым, хутка адрамантаваным менскiм памешканьнi Янук сустрэў прадказьнiка свайго лёсу. Так, накш быць не магло. Ужо ўсё было пастаноўлена лёсам. Толькi як будзе з Дуняй? Цi яна возьме зброю й пойдзе зь iм у лес? Жончына месца з мужам. Гэта ясна. Але трэба ей усё вытлумачыць. Янук зноў прыслухаўся да Князя.

- ...ён добра ведае. Таму абавязкова спытайцеся Кастуся пра ўсе практычныя рэчы. Думаю, што ты, Антось, маеш больш набiтую руку ў змаганьнi iз зброяй, дык арганiзуй лясьнiкоў. Я так называю нашых змагароў зь лясоў, якiх будзе шмат зьвёнаў. Я наўмысна ня ўжываю абрыдзелых маскоўскiх тэрмiнаў. Кастусь вам падкажа сувязь зь iншымi зьвёнамi. Мы наўмысна трымаем людзей у вузкiх колах знаёмства з бээнпэ, каб забясьпечыцца на выпадак здрады... А здраднiкi, бязумоўна, будуць.