Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

К Акула

- Дык от, прысядзь, браток, а я тут што-небудзь на скорую руку падгатоўлю, бо й сам галодны як бяздомны сабака, ад раньня заняты быў. Гэты Немiц мне многа часу забраў.

Гэтак гаворачы, Кастусь стаўляў пасуду на стол, браўся чорны хлеб рэзаць. Сярэдняга росту, моцнага складу, хуткi ў рухах, апрануты ў кароткiя летнiя трусы й кашулю бязрукаўку, Кастусь меў густыя рыжыя валосы - зьява мiж Беларусаў даволi рэдкая. Шырокi твар з простымi рысамi, павольнымi й дапытлiвымi вачмi адразу будзiў да сябе давер. Загар на целе сьветчыў пра тое, што бальшыню часу праводзiў у полi цi ў гародзе.

- А хто гэта такi быў? - спытаў Антось.

- Iхны-ж ваенны аграном. Прыджгаў гадзiны дзьве таму назад з загадам ад каманданта, ну й давай аглядаць гаспадарку, распытваць ды казаць мне якi парадак новы трэба рабiць. Знаеш, от такое наша прафэсыянальнае... Але-ж ты, братка, пачакай, можа па чарцы зробiм? Ты-ж рэдкi госьць у мяне. Шнапсу паспрабуеш.

- Што за шнапс?

- Нямецкая гарэлка. Ты пасядзi тут, я зараз вярнуся.

За колькi хвiлiн Падгайскi прынёс сьпелыя памiдоры, радыску, зялёную цыбульку, парэзаў памiдоры i хлеб, палажыў на талеркi, выняў з шафы каўбасу й пляшку рудой нямецкай гарэлкi.

- Бяры, братка, хлеб, каўбасу, гароднiну Ты-ж, пэўне, ад раньня ня еў.

- Ды не.

- Дык вось, бяры, за нашае здароўе, - спанукаў Кастусь, налiўшы чаркi й даючы адну Антосю.

- За наша здароўе, дай Божа, - згадзiўся Дзяркач.

Выпiлi й пачалi закусваць. Сьвежы чорны, з баханкi ў хворме вялiкай цаглiны, хлеб смакаваў добра з вандзонай каўбасой.

- Цiкавы й хлеб, дый гарэлка нiшто сабе. Дзе бярэш?

Падгайскi сажваў i праглынуў уложанае ў рот.

- Ды ад Немцаў, адкуль-жа... Яны-ж маё во забiраюць. Каб ты вiдзiў, дня ня пройдзiць, каб iх ня было. Выбралi во ўжо колькi гароднiны, каб iх халера!

- I як яны, нiчога ня плацаць, так сабе бяруць?

- Камандант дае цэтлiк дзе напiсана, колькi забраў дый кажа што некалi цывiльныя ўлады заплацяць.

- Што гэта цэтлiк?

- Ну як квiт панашаму. А я яму, чорту, веру, што мне заплацяць? Ну але што рабiць буду? Кажыць, - вiдзiш, ужо, сабакi, даведалiся, - што гэта саўгасная зiмля, нi мая значыцца. Я кажу, што ўсю маю гаспадарку бальшавiкi зрабавалi ды ў саўгас пiрадалi.

- Ну й што ён на гэта?

- Чакай, кажыць, цывiльная ўлада прыйдзiць, тады разьбяруцца. Ну пагляджу, буду свайго дабiвацца.

- А якая гэта цывiльная ўлада, чыя?

- Давай яшчо па аднэй чарцы вып'ем, - казаў Падгайскi, налiваючы. - Дык вось, прапаную за лепшую будучыню, каб ня было так блага як пры гэнай нячыстай сiле.