Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 22

К Акула

Ад Кастуся Падгайскага Антось пра беларушчыну спанатрыў. Аграном належаў некалi да Беларускай Сялянска-Работнiцкай Грамады, трымаў кантакт зь беларускай Вiльняй, пiсаў на сельскагаспадарчыя тэмы ў беларускiя календары й часопiсы. Ведама, за гэткую актыўнасьць меў розныя няпрыемнасьцi ад польскiх прыдзiраў. Цi раз намагалiся яго завэрбаваць, а пасьля, калi не ўдалося, шантажавалi ў вачох уладаў мясцовыя камунiстычныя элемэнты. Кастусь, вiдаць, трымаўся надзвычайна асьцярожна, бо з прыходам бальшавiкоў, хоць ня спынялiся розныя шыканы й прычэпкi, усё-ж пакiнулi яго на сваiм месцы. Праўда, узорную гаспадарку ягоную далучылi да суседняга саўгасу. Як ведамы й спрактыкаваны аграном, што рэдка калi трапаў языком, а больш выказваўся ўзорнай працай, ён стаўся неабходным для саўгасу й так, вiдаць, у бальшавiцкiх вачох "iдэйна ненадзейны" чалавек утрымаўся ў родным куце. Хоць ягоныя парнiкi, дбайна дагледжаны гарод, сад i ўсю маёмасьць зрабаваў саўгас, мясцовыя сяляне - бальшавiцкiя прыгоньнiкi, пад кiраўнiцтвам быўшага ўласьнiка й цяперашняга галоўнага агранома саўгасу, даглядалi за "народнай маёмасьцю". Гаспадарка Падгайскага не пайшла на глум наводля iншых, што сталiся "нашымi", "народнымi", а значыцца мала хто пра iх дбаў.

Антось спынiўся. Перад шырокай, на цэлую сьцяну, вэрандай стаяла вайсковае аўта. Асьцярожна, каб, баранi Божа, не сьцягнуць на сябе якога лiха, Антось узыйшоў на ступенькi й прыслухаўся праз прачыненыя дзьверы. Памяркоўны й зроўнаважаны Кастусёў голас штосьцi даволi доўга гаварыў панямецку. Пасьля хутчэйшым тэмпам адазваўся другi голас, што належаў, вiдаць, прыехаўшаму аўта. Воддаль на чыгунцы прагрукатаў цягнiк i Антось, выкарыстаўшы гэта, каб не пачулi крокi зьбег зь вэранды, абыйшоў вакол хаты й пачаў разглядаць што рабiлася ў парнiках. Яму ўсьмiхалiся пышныя розы, iншыя вазонныя кветкi, дасьпяваючыя памiдоры. Антось пачуў гул матору й бачыў як на дарогу, абсаджаную лiпамi, шмыгнула вайсковае аўта. Ён выйшаў з парнiка й накiраваўся ў аграномаву хату. Пастукаў у дзьверы. Крокi наблiзiлiся i ў адчыненых дзьвярох зьявiўся аграном.

- Антось, братка, здароў. Заходзь, - запрасiў ён. - От добра, што гэта ты, браток, ато я баяўся, што зноў з гэтай нямчуры... Спакою не даюць, то адзiн то другi, каб iх халера... Але-ж чакай, чаго гэта мы стаiм? Хадзi ў кухню.

У гэтым доме ўсюды было прасторна. З правага боку ад уваходу праз адчыненыя дзьверы вiдаць быў стол, завалены кнiгамi й паперамi, полкi з кнiгамi ля сьцен, а апроч крэсла ля стала, воддаль стаяла скураная канапа. Гэты пакой аграном называў бiблiятэкай. Цяпер адчынiў ён дзьверы ў абшырную кухню. У куце стаяла печка зь белых кафляў, ля сьцяны - шафы на пасуду й харчы, пры вакне - стол з чатырма крэсламi. У кухнi навет быў кран з вадой, люксус запраўды ў гэны час у тых ваколiцах рэдкi. Адны дзьверы з кухнi вялi на двор. Ведаў Антось, што гэты здольны й руплiвы чалавек меў ззаду выкапаны склеп, дзе трымаў разнае варыва. Функцыю такога склепу Падгайскага па вёсках поўнiлi, хоць i ня поўнасьцю, варыўнi.