Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

К Акула

6

Залiзваньне ранаў узяло часу. Антось Дзяркач трымаўся дому, бацьком ня скардзiўся, хоць часамi дакучалi болi ў сярэдзiне. Дражнiла яго пераборлiвая ласкавасьць мацi. Жанчына, што выплакала вочы падчас бяссоных ночаў, даглядала цяпер сына, як дзiця кволае. Яна яму то скварку, то яечка, то кавалак мяса лiшнi.

- Пiрастань, матка, давай во бацьку, а я ўжо й так ачуняў, адмаўляўсдя Антось.

- Еш, сынок, нi глядзi, трэба табе якнайскарэй на ногi стануць. Жарцiкi во, як быццам з таго сьвету вярнуўся. Веры нi дала, нi пазнала, гэтак во, нячыстая сiла, заходалi.

З гэткiмi словамi падсоўвала яшчэ больш емiны. Антось пра кашмары ў беразьвецкай турме неахвотна гаварыў. Сам пагоднага характару, не хацеў азмрочваць бацьком настрою.

- Пазьдзеквалiся, кажаш? - пытаўся бацька. - Моцна бiлi?

- Ага, тата, бiлi, крэпка бiлi.

- За што гэта?

- Ат, тата, пiрастанем. Нi люблю ўспамiнаць.

- Ну што-ж... Ня хочаш, за язык нi пацягну.

Антось маўчаў i думаў. Наглядзеўся зьверства, наслухаўся ад людзей. Крыху ачарсьцьвеў. Дый навошта раны вярэдзiць?

- Дзе Лявон Шпунт? Ня чуў? - спытаў бацьку.

- Чорт яго знаiць, ня вiдзiў. Алi во калi гэта, цi нi пазаўчорака Васiль Якубаў казаў, што каля дому яго вiдзiў. На сяло нi паказваецца. А навошта ён табе?

- Як ты думаеш? - зiрнуў сын уважна бацьку ў вочы.

- Ты скажы.

Доўгае маўчаньне.

- Хачу распытацца, як на мяне й на другiх даносы рабiў. А калi нi захочыць расказаць то я на яго загагулiну знайду, язык разьвяжу.

У Антосевых вачох загарэўся благi агонь.

- Глядзi сам, сынок. Але нашто табе? Нiхай-бы яго Немiц прыбраў. Табе можа лепi цiха сядзець...

Антось доўга думаў. Раптоўна падняў вочы й зiрнуў бацьку проста ў твар

- Цягалi адныя й другiя, ледзь вырваўся. А гэтыя што, думаеш? Немiц, ён нас так i нi зачэпiць? Вайной? Кiнь ты, бацька. I нi агледзiшся, як нейкая трасца гоп! i на сьпiну. Ня вiдзiш, што робiцца, нi кумекаеш?

- Дык што-ж рабiць будзiш?

Антось памарудзiў з адказам.

- Нi знаю, тата, можа скора што праясьнiцца. Алi знаю, што пасядзець нi дадуць.

Дзяцюк скрыпнуў дзьвярмi й выйшаў на двор. Ля Бураковай хаты радасна цяўкаў Ромка. Антось спасьцярог жаночую хустку ля тыну. Нiна пастаяла ля сабакi, мусiць нешта есьцi дала ды накiравалася ў вагарод. Антось рушыў у тым кiрунку. Ад супольнага падарожжа "з таго сьвету" часта пра яе думаў. Жанчыну трымаў на воку й раней, - дарэчы, як i ўсе дзяцюкi ў вёсцы, - але з натуры быў больш прывык ля старэйшых дзевак ацiрацца, замужнiх мiнаў, хоць, як мяркаваў, у Нiны й раней нядрэнныя вiдокi меў.

- Ай, Антоська, мой саколiк, а я толькi во пра цябе думала, распрамянiлася Нiна, пабачыўшы яго. Стаяла з матыкай мiж радоў морквы.

- Якi я табе саколiк? А што ты пра мяне думала? - усьмiхнуўся Антось.

- Як гэта што? Ты-ж мой збавiцель. Пра каго-ж, калi нi пра цябе мела думаць?

Яна папаўнела й паправiлася. Праўда, гэта ня быў той калiшнi прывабна-бесклапотны твар. У вачох з дробнымi зморшчынкамi навокал загнязьдзiлася цьвёрдасьць. Адылi працэс аздараўленьня пачаўся. Яго пазнаць можна было ў выглядзе, рухах i гутарцы.