Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 153

К Акула

- А ты ня вып'еш? - спытаўся Антось гаспадара.

- Ня буду. Калi ласка, закусвай, - падсунуў аграном Антосю накроенае на талерцы сала й прыемна пахнучыя кiслыя гуркi.

- Цябе нiхто па дарозе ня вiдзiў?

Антось зiрнуў Падгайскаму ў вочы, падумаў улажыў у рот кавалак адрэзанага гурка.

- А хто-ж мог вiдзiць? Полем iшоў. Знаеш, што вечарам цi ноччу хадзiць нiма як.

- Знаю.

- А чаму пытаешся?

- Таму, што лепi пацiхоньку... Каб вораг ня ведаў. Але можа пра гэта пасьля скажу. Хвалiся, што там у цябе.

- Нiчога, усё пастараму.

Падгайскi ўважна зiрнуў субяседнiку ў вочы, устаў з-за стала, прайшоўся па кухнi.

- Ты, Антось, гэтае самае, ня дуры галавы. Каб нiчога ня было, ты-б сядзеў дома, бяз прычыны ня швэндаўся-б.

Антось усьмiхнуўся.

- Старога ваўка, як кажуць, авечка нi правядзець. Знаеш, думаў я й думаў, а гэтыя думкi, каб iх пранцы, у сваiм сагрэтым кутку пасядзець нi даюць. Я гэта ўсё пра тое, што трэба рабiць, каб злажыўшы рукi нi сядзець. Знаеш, што вытвараецца.

Антось гаварыў паволi, упэўнены, што аграном цярплiва выслухае яго, а пасьля сваё скажа. Як умеў, апiсаў свае роздумы, аграмадную трывогу ня толькi за свой лёс. Падгайскi хадзiў па кухнi, церабiў валосы.

- Ты ўжо скончыў? - спытаў аграном занадта рэзка.

- А што? - зырка зiрнуў на яго, спасьцярогшы нецярплiвасьць гаспадара, Антось.

- Ды тое, што ты, братка, мусiць, забыўся. Таўклi мы раней гэты мак у ступе. Дый ня толькi таўклi, але й згадзiлiся, што няма чаго нашым па завугольлях хавацца, манны зь неба чакаць, а трэба за зброю брацца. Я табе ў палiцыю iсьцi сулiў, а ты адмовiўся. Сказаў мне, што ў чужую палiцыю ня пойдзеш. Воля твая. Рупiць табе ў сваё беларускае войска i ты, як вiджу, вiнавацiш нашых, каторыя дзе-небудзь там пры ўладзе, але нi стараюцца ў Немца дазволу, цi можа й дамагаюцца, але замала. Так цi не?

- Яно-ж так...

- Ты, Антось, ужо чуў, што нашы ў Менску ўжо даўно дамагаюцца й што нiбыта ёсьць нейкiя рэзультаты. Немцы дазволiлi самаахову зарганiзаваць, але нi так, як Беларусы хацелi. А нашы хацелi, каб паставiць на ногi тры добра ўзброеныя дывiзii, пад нашай камандай. А Немцы сказалi, што па акруговых гарадох можаце мець батальёны, а ў паветавых толькi роты. Дый то Немцы маюць iмi камандаваць, а нашыя афiцэры й падафiцэры на iхных паслугах быць. Што-ж гэта за войска беларускае? Дрэнь, братка. А апранаць i кармiць мае Беларуская Народная Самапомач, значыцца мы самi. Немцы зброю дадуць. Дык вось што сталася: у Мiнску закончыўся курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў самааховы. Было паўтары сотнi ўдзельнiкаў, ад былых царскiх прапаршчыкаў пачынаючы да калiшнiх польскiх падхаронжых, а гадамi ад дваццацi пяцi да шасьцiдзесяцi. Ну й што-ж? Кушаль Францiшак вёў той курс i сам выкладаў. Яму, ведама-ж, памагалi iншыя перадавыя нашыя Беларусы. Але, атрымаўшы ўсе патрэбныя веды пра новую зброю й беларускi вайсковы рэгулямiн, людзi разьехалiся па гарадох, пачалi арганiзаваць самаахову. I ўжо сабралi ахвотнiкаў, пачалi муштраваць, школiць падафiцэраў, ды што-ж, братка, людзi ў лапцёх, ботаў няма, вопраткi нi хапаiць, ды Немцы навет зброi нi далi. Нiкаторыя здабылi сабе старыя савецкiя ламачыны... Гэта, братка, ня войска, хоць у нашых ахвота ёсьцiка. Але прыгнечаныя. Баюся, калi не папаравiцца палажэньне, дык дамоў разьбягуцца. Вось табе й самаахова...