Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 58

Невядомы

Здаровая, дынамічная культура — побач з артадаксальным сваім абліччам — не павінна баяцца выводзіць на сьвет Божы свае “цені”. І тое, што ў іх прыхавана. Ува ўсякім разе — творчыя й асабовыя разломы ў асяродку эліты, у прыватнасьці — у асяродку гуманітарыяў-прафэсіяналаў. Бо менавіта ў іх, гэтых разломах, у спрэчавых большасьцяў-меншасьцяў ды самоты, як сьведчыць гісторыя, нярэдка нараджаліся ейныя (гісторыі) і зорныя хвалі, і разбуральныя катастрофы.

Схаванасьць канцэптуальна-творчых калізіяў ад дзённага сьвятла людзкіх вачэй заахвочвае найчасьцей цёмныя стыхіі, якім сэрцы гуманітарыяў-прафэсіяналаў падуладныя, на жаль, ня менш, чым усіх іншых сьмяротных.

Мэханізм плённага, канструктыўнага вырашэньня падобных канфліктаў у навукова-дасьледчых і навукова-асьветных установах, якія фундуюцца Беларускай дзяржавай, павінна стварыць і аберагаць сама дзяржава. Апроч іншага, гэта жыцьцёва неабходна й ёй самой — у час ейнага сёньняшняга пакутнага адраджэньня й непрадказальнае прышласьці.

У дапаўненьне да натуральнае фармальна-адміністратыўнае самарэгуляцыі дзяржаўныя гуманітарныя ўстановы, пад грыфам якіх выдаюцца калектыўныя і індывідуальныя тэксты іхных супрацоўнікаў, маглі б выпускаць невялічкія сэрыі сваіх alter ego, у якіх даваліся б найбольш яркія ўзоры тэкстаў, “зарэзаных” на штатных калектыўных абмеркаваньнях. Разам са стэнаграмамі абмеркаваньняў, водгукамі, заўвагамі, рэцэнзіямі... а, мажліва,— і з матэрыяламі санкцыяў у адносінах да аўтараў “крамольных” (“няправільных”, “неадпаведных”, “нявартых” і г.д.) тэкстаў...

Жывы працэс творчых супрацьстаяньняў, калізіяў, нярэдка зьвязаны з сур’ёзнай індывідуальнай рызыкай для удзельнікаў — карысная школа творчасьці, эўрыстыкі, маральнага сталеньня чытача, асабліва маладога. Суўдзел чытача ў гэтым працэсе, які разгортваецца на ягоных вачох, можа стаць крэсівам, спарадзіць россыпы азарэньняў — у самых нечаканых кірунках... У самых далёкіх, здавалася б, галінах дзейнасьці...

Для асноўнага, артадаксальнага каналу публікацыяў, для панавальнай у кожным гуманітарным цэнтры парадыгмы (якая вызначаецца й ахоўваецца кіраўніцтвам) падобны, невялічкі па аб’ёме сябар-супернік быў бы як дадатковай падсьветкай ягонае духоўнае моцы, так і пэўнай засьцярогай ад застою й згасаньня творчых патэнцыяў...

На Беларусі — у выніку надзвычай неспрыяльных абставінаў мінуўшчыны й іхных сёньняшніх наступстваў — існуе сытуацыя няўпыннае абяскроўленасьці ўнаяўленага, у-сьвет-выяўленага культурна-гістарычнага існаваньня. А сёньня, у час інфармацыйнага патопу й інфармацыйнае рэвалюцыі, якая робіць блізкай пэрспэктыву стварэньня цэласнага нацыянальнага банку інфармацыі й пдключэньня яго да банку ўсясьветнага — па-новаму паўстае й праблема: якім павінен (ці не павінен) быць прафэсійны гуманітарны тэкст? Што ў ім павінна быць “у кадры”, а што — “за кадрам”? Што — “у тэксьце”, а што — “у кантэксьце”, у “па-за-тэксьце” (які — па-за-тэкст — падсумаваны й сыстэматызаваны ў “электроннай памяці чалавецтва”; націсьні кнопку — і, калі ты падключаны да яе,— перад тваімі вачыма — любая тэкстуалізаваная інфармацыя — відэа-, гука- й г.д. — па любым пытаньні, зь любое зафіксаванае крыніцы)? Якім чынам, якімі сродкамі мусіць быць арганізавана сама слоўная “матэрыя” гуманітарнага тэксту, каб ён быў максымальна эўрыстычным, максымальна эфэктыўна працаваў — і як новая часьцінка нацыянальнага духоўнага жыцьця, і як новы набытак агульналюдзкага вопыту?