Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 56

Невядомы

2001 г. 

Эйдас — Шлях большасьці — шлях меншасьці — шлях самоты...

Сёньняшнім пакаленьням наканавана зрабіць першыя крокі Беларусі ў ІІІ тысячагодзьдзе Хрыстовае Эры. Праваслаўная Беларусь — толькі ступіла ў сваё Другое тысячагодзьдзе. У нацыянальную сымфонію — асабліва ў час палону апошніх 4-х стагодзьдзяў — адчувальна ўпляліся інш-канфэсійныя ды інша-нацыянальныя галасы...

Аблічча Беларусі — у цэласьці яе гістарычнае рэтра — і пэрспэктывы — праблема сапраўды лёсавая, фундамэнтальная. Бо мусім — на сёньняшніх ростанях — адначасна і ўспамінаць, і праўдзіць, і выбіраць шляхі свае. У часе, у сьвеце, у Вечнасьці.

Катастрафічнасьць нашага часу, яўная блізкасьць завяршэньня ўсёй Музыкі гісторыі, блізкасьць фіналу сымфоніі тысячагодзьдзяў вымагаюць новага чуйнага ўслухоўваньня ў галоўныя й пабочныя тэмы і экспазыцыі, і распрацоўкі, і сёньняшняга пярэдадня рэпрызы, у якім і гучаць, і твораць Музыку душы нашы.

Тэмы большасьці й меншасьці (як галоўныя й пабочныя партыі санатна-сымфанічных цыкляў) — мажліва, якраз яны найглыбей набліжаюць да тайны гісторыі (індывідуальнай-нацыянальнай-агульналюдзкай), якая так пакутна раскрываецца нават перад самым сваім завяршэньнем?..

Самі тэрміны “меншасьць” і “большасьць” ужываюцца ў розных кантэкстах, абставінах, ракурсах, часам парадаксальных. Напрыклад, у Біблеістыцы ёсьць панятак “Тэкст большасьці”: з розных Грэцкіх тэкстаў Новага Запавету ў Праваслаўнай традыцыі карыстаецца найперш той, які пададзены ў большасьці Грэцкіх Новазапаветных рукапісаў; разам з тым, лічыцца немэтазгодным адмаўляцца ад шырокага выкарыстаньня ў якасьці дапаможнага навуковага матэрыялу й іншых Грэцкіх тэкстаў Новага Запавету, шырока распаўсюджаных цяпер на Хрысьціянскім Захадзе. З такой шматплыннасьцю нават у дачыненьні да Сьвятога Пісаньня сэрцу — і асабліва розуму — верніка цалкам зьмірыцца нялёгка.

Вельмі тонкія й неадназначныя нюансы прэстыжнасьці гэтых паняткаў. Скажам, належаць да творчай меншасьці — альбо гераічнай ці ерэтычнай меншасьці — лічыцца надзвычай прэстыжным. Праўда, і сам панятак прэстыжнасьці даволі няпэўны й зьменлівы — залежна ад абставінаў, перакананьняў, асяродку й г.д.

Гістарычную тайну большасьці й меншасьці мы яшчэ толькі пачынаем па-сапраўднаму спасьцігаць, бо, сапраўды, у гісторыі былі й ёсьць толькі шляхі большасьці й шляхі меншасьці. Ёсьць, праўда, яшчэ шлях Самоты. Боскай Самоты. Але й ён — у Тройцы, непадзельнай і незьліяннай. У паўнаце сваёй — ён за межамі сьвецкай гісторыі.

Шлях большасьці й шлях меншасьці — ключавыя паняткі нашых далейшых развагаў, тлумачэньня фактаў. Шлях самоты... У чалавечым вымярэньні й гэты панятак у прынцыпе дапушчальны. І нават плённы. Але па сутнасьці ён нават яшчэ больш умоўны, чым шляхі меншасьці й большасьці. Бо ў таямніцы сваёй — у нечым нават большы за іх абаіх, разам узятых.

Выпрабаваньне на “большасьць” і “меншасьць” для чалавечага духу (асобы—народу—чалавецтва) — адно з надзвычай сур’ёзных. Ня кажучы ўжо пра тое, які чалавек (ці народ) меншым ці большым нарачэцца ў Царстве Божым, мы бачым, як кожная зь вялікіх ідэй, што сёньня поўняць скарбніцу агульначалавечых вартасьцяў, некалі была ідэяй абсалютнае меншасьці альбо самотнай істоты. Выпрабаваньне на большасьць ці меншасьць вельмі сур’ёзнае й для чалавечай гардыні, для бунтоўнасьці й зьмірэннасьці душы, скіраванасьці яе ў сьвятасьць альбо гераізм, для сьветагляду ў цэлым, і кожная выяўленая чалавечая індывідуальнасьць заўсёды няўпынна існуе адначасова, так бы мовіць, у сілавым полі большасьці — меншасьці — у самых розных ракурсах гэтых паняткаў, і невядома нават ёй самой, чаго ў ёй болей — “большасьці”, альбо “меншасьці”. Культура ўзаемапераліваў меншасьцяў-большасьцяў (і самоты) — адна з таямніцаў духу (асобы—народу—чалавецтва).