Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 241

Невядомы

Зьяўленьне ў беларускай культуры сымулякру Вялікага Партызана стварыла парадаксальную й адначасна сымбалічную канструкцыю паралельнага існаваньня двух мітычных герояў-партызан: дэкадэнцкага бога-героя й рэальнага культурнага героя. Аднак гэтая канструкцыя праіснавала гістарычна непрацяглы час і распалася разам са сконам савецкіх багоў.

Тэза пра дэкадэнцкі характар савецкай эстэтыкі можа падацца даволі рызыкоўным і спрэчным цьверджаньнем, бо тэрмін decadentia (лацін. “заняпад”), на першы погляд, супярэчыць стваральнай рыторыцы савецкае міталёгіі. Але парадокс у тым, што камуністычная Ўтопія ёсьць адною з найбольш вычварных формаў дэкадансу, калі дэкляруецца росквіт, але насамрэч адбываецца заняпад, будуецца “горад сонца”, які ў рэальнасьці аказваецца ГУЛАГ’ам, калектыўны аптымізм грамадзтва стаецца індывідуальным пэсымізмам асобы, здольнай да самастойнага мысьленьня, дэклярацыя высокае маральнасьці рэалізоўваецца ў дэградацыю маралі. Паміж гэтымі двума полюсамі — Утопіяй і Рэальнасьцю — непазьбежна мусіць паўстаць заслона з дэкарацыяў, якая для аднаго боку (Утопіі) павінна хаваць сапраўдную карціну распаду й спарахненьня Рэальнасьці, для другога (Рэальнасьці) — ствараць ілюзію матэрыялізацыі, увасабленьня Ўтопіі. Эстэтыка сацыялістычнага рэалізму й сталася той шырмаю, дэкарацыйнаю заслонаю паміж Рэальнасьцю й Утопіяй. Нягледзячы на дэклярацыі камуністычнае міталёгіі, яна была праяваю вельмі дзіўнай, але па сутнасьці дэкадэнцкай эстэтыкі.

У адрозьненьне ад Вялікага Партызана, эпоха рэальнага Партызана яшчэ ня скончылася. Зьяўленьне Партызана стала гістарычным адказам на працэс этнакультурнае стэрылізацыі, калі захаваньне культурнага коду зрабілася сынонімам de la résistance nationale, нацыянальнага антыкаляніяльнага супраціву.

Гісторыя нацыянальнага адраджэньня (незалежна ад таго, прымае яно форму крэатыўнага ці асьветніцкага працэсу, альбо збройнае барацьбы) — гэта досьвед антыкаляніяльнага супраціву беларускага культурнага героя. На працягу больш як двух стагодзьдзяў практыка партызана зьяўлялася неабходнай стратэгіяй самазахаваньня, безальтэрнатыўнай тэхналёгіяй выжываньня беларускае культуры.

ЭПІЛЁГ

Каб атрымаць выкупленьне віны, народ мусіць ахвяраваць багом нешта вельмі каштоўнае. Сам панятак выкупленьне ўтрымоўвае сэнс гэтага дзеяньня. Віна мусіць быць выкуплена ў багоў за тое, што яны палічаць вартым, адпаведным ейнай глыбіні. Для адных народаў, каб выкупіць віну, дастаткова прынесьці за ахвяру барана, для іншых — быка, беларусы прыносяць у ахвяру Героя. Гэта адзінамагчымая, адпаведная для нас плата за бязвольле й мімікрыю, за здраду ўласнаму Я. Толькі Герой можа выратаваць народ, пазбаўлены ўласнага гонару. Аднак гэты народ ня зьнікне, пакуль ён яшчэ здольны нараджаць Героя.

чэрвень 2001 г. 

Росквіт і заняпад беларускага літаратурнага авангарду

Аўтар, які нічому ня вучыць пісьменьніка, — ня вучыць нікога.

Бэн’ямін

1

У сваёй лекцыі “Аўтар як вытворца”, прачытанай у Парыжы 27 красавіка 1934 году, Вальтэр Бэн’ямін сказаў, сярод іншага, наступнае: “Рэвалюцыйная сіла дадаізму палягала ў тым, што ён выпрабоўваў мастацтва на аўтэнтычнасьць. Са зьяднаных мастацкімі элемэнтамі квіткоў, віткоў кудзелі й цыгарэтных недапалкаў ствараліся натурморты... І гэтым публіцы паказвалася: зірнеце, час праламіў рамкі вашых карцін; найменшы аўтэнтычны драбочак штодзённага жыцьця красамоўнейшы за жывапіс. Гэтаксама, як крывавы водціск пальца забойцы на бачыне кнігі красамоўнейшы за тэкст. Шмат якія з гэтых рэвалюцыйных значаньняў захаваліся ў фотаграфічным мантажы... Аднак прасочым за далейшым разьвіцьцём фатаграфіі. Што мы бачым? Яна стаецца ўсё больш і больш нюанснай, усё больш і больш сучаснай, і ў выніку атрымліваецца, што вы ўжо ня можаце сфатаграфаваць жылы будынак альбо гурбу сьмецьця без таго, каб фатаздымак іх не прыхарошваў”.