Читать «Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне» онлайн - страница 6

Эдвард Д. Хох

Я неяк казаў табе, што радок быў напісаны адносна Арыёна, бо некалі пісалася Ўрыён, і так як мы яшчэ тады пажартавалі наконт гэтага, я ведаў, што ўсё гэта засталося ў тваёй памяці. Таму было зразумела, што ты абавязкова злучыш у галаве думкі пра Арыёна і Шантыі. Тое, што менавіта так і здарылася, пацвердзіла твая ўсмешка. Ты падумаў, што бедны Шантыі сам сябе прынёс у ахвяру. Спачатку ты ішоў згорбіўшыся, а тут — выпрастаўся на ўвесь рост. Такім чынам, я быў упэўнены, што ты падумаў пра мізэрную фігуру Шантыі. У той самы момант я перабіў твае думкі, зазначыўшы, што гэты Шантыі і праўда недаростак і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Вар'етэ».

Неўзабаве пасля гэтага мы праглядалі вячэрні выпуск «Судовай газеты», і нашу ўвагу прыцягнулі наступныя радкі:

«Незвычайнае забойства.

Сёння, а трэцяй гадзіне ночы, жыхароў квартала Сен-Рош абудзілі ад сну немыя крыкі, што чуліся, відаць, з пятага паверха дома на вуліцы Морг, у якім, як было вядома, жылі толькі мадам Л'Эспанэ і яе дачка мадэмуазель Каміла Л'Эспанэ. Пасля некаторай затрымкі, якая была выклікана спробай зайсці ў дом звычайным шляхам, дзверы пад'езда адчынілі ломам, і туды зайшлі восем ці дзесяць чалавек суседзяў і разам з імі два жандары. Да таго часу крыкі ўжо сціхлі, але калі згаданая група людзей адолела першы пралёт лесвіцы, яны пачулі, як недзе, відаць, на верхніх паверхах, грубымі галасамі сварыліся не менш двух чалавек. Пакуль дабеглі да другой лесвічнай пляцоўкі, і гэтыя галасы ўжо сціхлі, усюды панавала цішыня. Людзі падзяліліся на групы і пачалі прачэсваць пакой за пакоем. Калі яны апынуліся ў вялікай спальні на пятым паверсе ў тыльнай частцы будынка (дзверы замкнёныя на ключ знутры таксама выламалі), дык сталі сведкамі відовішча, якое вельмі напалохала і здзівіла прысутных.

Усё ў кватэры было ў страшэнным беспарадку — усюды валялася паламаная мэбля. У пакоі стаяў толькі адзін ложак, і з яго сцягнулі і параскідалі па падлозе пасцель. На крэсле ляжала брытва з акрываўленым лязом. Да каміна прыліплі дзве-тры акрываўленыя тоўстыя пасмы вырваных, відаць, з коранем сівых валасоў. На падлозе знайшлі чатыры напалеандора, адну завушніцу з тапазам, тры срэбраныя сталовыя, тры чайныя мельхіёравыя лыжкі і два мяшэчкі з залатымі манетамі амаль на чатыры тысячы франкаў. Шуфляды камоды, якая стаяла ў куце пакоя, былі выцягнуты, у іх, відаць, корпаліся, але многія рэчы засталіся на сваіх месцах. Пад пасцеллю (а не пад ложкам) быў знойдзены невялічкі жалезны сейф. Ён быў адамкнёны, і ў дзверцах яшчэ тырчэў ключ. Унутры нічога не было, акрамя некалькіх старых лістоў і іншых нязначных папер.