Читать «Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне» онлайн - страница 5
Эдвард Д. Хох
— Дзюпэн, — сказаў я сур'ёзна, — гэта вышэй майго разумення. Шчыра кажучы, я вельмі ўражаны і ледзь веру сваім вушам. Як гэта ты здагадаўся, што я думаю пра… — тут я спыніўся, каб пераканацца, што ён сапраўды ведае, пра каго я думаў.
— …пра Шантыі, — сказаў ён. — Чаму ты змоўк? Ты падумаў, што яго мізэрная постаць не падыходзіць да трагедыйных роляў.
Менавіта пра гэта я і разважаў. Шантыі, quondam шавец з вуліцы Сен-Дэні, які да вар'яцтва захапіўся тэатрам, паспрабаваў сыграць ролю Ксеркса ў аднайменнай трагедыі Крэбіёна, вельмі стараўся, але ў выніку атрымаў знішчальныя водгукі.
— Растлумач напрамілы Бог, — усклікнуў я, — свой метад, калі ён існуе, праз які ты толькі што зазірнуў мне ў душу. — Па праўдзе кажучы, я імкнуўся знешне быць спакойным, хаваючы такім чынам ахапіўшую мяне збянтэжанасць.
— Гэта гандляр садавінай навёў цябе на думку, што гэты маэстра па падэшвах не дарос да Ксеркса et id genus omne.
— Гандляр садавінай? Ну, ты мяне здзіўляеш! Не ведаю я ніякага гандляра садавінай.
— Ну, той, з кім ты сутыкнуўся, калі мы зварочвалі на гэту вуліцу, хвілін пятнаццаць назад.
Тут я ўзгадаў, што сапраўды нейкі гандляр з кошыкам яблыкаў на галаве ледзь не збіў мяне знянацку з ног, калі мы зварочвалі з вуліцы С — на тую, дзе мы зараз стаялі. Але я не мог ніяк зразумець, якое гэта мела дачыненне да Шантыі.
Але Дзюпэн ні на кроплю не быў схільны да charlatanerie.
— Я зараз растлумачу, — сказаў ён. — І каб ты ўсё зразумеў, мы спачатку адновім ход тваіх думак, пачынаючы з таго моманту, як я звярнуўся да цябе, да rencontre з тым самым гандляром. Асноўныя звенні ланцуга — Шантыі, Арыён, д-р Нікалс, Эпікур, стэрэатамія, каменне ў бруку, гандляр садавінай.
Няма, відаць, такіх людзей, якія б у адпаведныя моманты свайго жыцця не паўтаралі ў думках дзеля забавы крок за крокам шлях, які прывёў іх да той ці іншай высновы. Занятак гэты часта вельмі цікавы, і той, хто сутыкаецца з ім упершыню, дзівіцца неабмежаванай адлегласцю і неадпаведнасцю паміж зыходным пунктам і канчатковай высновай. Якім, відаць, было маё здзіўленне, калі я пачуў тое, што сказаў Дзюпэн, і не мог не пагадзіцца, што ўсё гэта — праўда.
Ён жа працягваў:
— Перад тым як звярнуць з вуліцы С, я добра памятаю, мы гаварылі пра коней. На гэтай тэме і перарвалася наша размова. Калі пераходзілі на гэту вуліцу, гандляр, які прабягаў побач з кошыкам яблыкаў на галаве, адпіхнуў цябе на кучу камянёў, паскіданых у тым месцы, дзе рамантуюць брук. Ты спатыкнуўся аб камень, паслізнуўся, крыху расцягнуў звязку на шчыкалатцы, відаць, раззлаваўся, ва ўсякім разе, спахмурнеў, нешта прамармытаў, азірнуўся на груду камянёў і моўчкі пакрочыў далей. Я не вельмі стараўся сачыць за тваімі дзеяннямі, але назіральнасць зрабілася апошнім часам неад'емнай часткай маёй натуры.
Ты працягваў ісці з апушчанай галавой, незадаволена косячыся на калдобіны і расколіны ў бруку (такім чынам, я зразумеў, што ты ўсё яшчэ думаеш пра камяні), пакуль мы не дайшлі да завулка, што носіць імя Ламарціна і які забрукавалі ў якасці эксперымента «ўнакладку», шчыльна падладзіўшы пліткі заклёпкамі. Твой твар павесялеў, і па вуснах я здагадаўся, што ты прамармытаў слова «стэрэатамія», тэрмін вельмі штучна суаднесены з гэтым тыпам бруку. Я ведаў, што ты не мог вымавіць гэта слова, не ўзгадаўшы пра атамы, а таксама пра тэорыі Эпікура. Так як мы абмяркоўвалі не так даўно гэтую тэму — я заўважыў, як надзіва дакладна, хоць на гэта мала хто звярнуў увагу, не вельмі выразныя здагадкі высакароднага грэка пацвердзіліся пазней касмагоніяй у адносінах да нябесных туманнасцей, — то я падумаў, што ты абавязкова падымеш вочы, каб зірнуць на вялікую туманнасць у сузор'і Арыёна, і спадзяваўся, што менавіта так і атрымаецца. Ты сапраўды зірнуў угору, тым самым упэўніўшы мяне, што я правільна іду па тваім следзе. Але ў вельмі адмоўным водгуку на выступленне Шантыі ва ўчарашняй «Musee», нейкі з'едлівы сатырык, намякаючы вельмі нетактоўна на тое, што шавец, які стаў на катурны, змяніў і прозвішча, прыпомніў адзін радок на лацінскай мове, да якога мы часта звярталіся ў размовах. Я маю на ўвазе вось гэта: Perdidit antiquum litera prima sonum.