Читать «Пераправа» онлайн - страница 5

Юры Станкевіч

Дзверы ў хату былі расчынены. «Пэўна, няма нікога», — падумаў ён і ступіў за парог.

У печы дагарала галлё. Яшчэ было досыць светла, і ён адразу ўбачыў ля акна капітана, які назваў сябе Жэрарам. Той ляжаў тварам уніз. Побач валяўся пісталет.

Інтэндант укленчыў і асцярожна дакрануўся да яго. Капітан быў мёртвы.

«Д’ябальскія жарты», — падумаў ён. Але што такое? За спінай ён адчуў шолах, азірнуўся і ўздрыгнуў.

У закутку за печчу, наставіўшы на яго пісталет, сядзеў на падлозе ліцвін.

— Не варта крычаць ці хапацца за зброю, — па-французску сказаў былы вязень. — Я страляю хутчэй!

Ашаломлены інтэндант адразу зразумеў усё. Ліцвін быў сапраўдным лазутчыкам.

— Хто вы?

— Я афіцэр рускай арміі, — загаварыў той, — я паранены. У яго, — ён кіўнуў на труп капітана, — было два пісталеты. Ён страляў праз акно. Калі ўсе выбеглі адсюль, я стаў за дзвярыма.

«Страляў у мяне», — падумаў інтэндант пра капітана.

Ліцвін апусціў пісталет і скрыгатнуў зубамі.

— Яны мелі рацыю, затрымаўшы мяне, і яны зараз вернуцца, — прамармытаў ён. — Няўдала ўсё.

— Пакажыце рану, — падхапіўся інтэндант.

— Не падыходзьце, — узняў зброю лазутчык.

Інтэндант спыніўся.

— Я сапраўды ліцвін, таму і адпаведны маскарад, — сказаў лазутчык. — Калі трапіце ў палон, раскажыце пра мяне, у вас будзе прывілея.

— Дарэмна, — запярэчыў інтэндант. — Імператар перахітрыў усіх вас, і спадманная пераправа…

— Не дапаможа, — перапыніў яго лазутчык. — Хаця мы і не прагледзелі. Ратуйце жыццё.

— Што ж рабіць? — спытаў інтэндант.

— Ідзіце адсюль і хутчэй, — сказаў лазутчык, — бо я магу страціць прытомнасць, а жывым трапіць у іх рукі мне нельга.

— Вы мужны чалавек, — сказаў інтэндант. Ён зразумеў, што заставацца тут яму сапраўды небяспечна. Ён выбег з хаты і раптам праз некалькі крокаў і секунд, якія цягнуліся, як вечнасць, пачуў тое, што міжволі чакаў, — глухі гук стрэлу ў хаце. Ён здрыгануўся.

Спакваля сутонела. Наваколле нагадвала вялізны мурашнік. Паўсюдна завіхаліся салдаты. Зырка палалі вогнішчы, вушы праціналі крыкі каманд.

Раптам нехта крануў яго за руку. Побач стаяў перапалоханы дзяншчык.

— Я ўсё выведаў, — зачасціў ён. — Тут побач штаб і абозы — усё разам. Паехалі, месье!

Паступова супакойваючыся, інтэндант пакрочыў да саней. Яшчэ раз азірнуўся напаследак.

Стаяла на сваім месцы хата, па-ранейшаму накрытыя радном, ляжалі трупы, як ён цяпер ведаў — ахвяры людзей капітана Жэрара. Такой жа ахвярай мог стаць і ён сам. Толькі зараз ён уявіў велічыню небяспекі.

Лагер Дару быў непадалёку. На паляне размясціліся рэшткі раскіданага інтэнданцкага ведамства — усё, што дакацілася да Бярэзіны. Усе былі заняты падрыхтоўкай да пераправы.

— Анры! — закрычаў нехта. — Дзе ты бадзяешся? Мо пабываў у палоне?

Да яго, смеючыся, падыходзіў Андрэ Дам’е, высокі, бялявы, востры на язык. Следам — Жан Вірэ — афіцэр прыкладна яго ўзросту.

Ён паціснуў рукі знаёмым са штаба Дару. Адчуў, што стомлены страшэнна. Хацелася спаць.

Дару было не да яго. Мімаходзь прагледзеў пошту, прабурчаў нешта, махнуў рукой, адсылаючы.

Ноччу ўдарыў мароз. Каля вогнішчаў спалі ўпокат, варушыліся, стагналі, трызнілі салдаты. На небе ліхаманкава зіхацелі зоркі. Інтэндант неўзабаве прачнуўся ад холаду, грэўся побач з салдатамі. Да раніцы ён сабраў у сакваяж рукапісы, дзённікі, кінуў у агонь непатрэбнае.