Читать «Пераправа» онлайн - страница 4

Юры Станкевіч

— Ха-ха-ха! Рускія клюнулі! — рагатаў ён. — Усё-такі клюнулі, мой капітан! Яны адыходзяць: іх вогнішчы тухнуць… Берцье пра ўсё далажыў імператару.

— Ага! Я так і ведаў! — падхапіўся з лаўкі капітан. — Вось цяпер мы ім пакажам, дзе сапраўдная пераправа, возьмем рэванш за адступленне. Мая місія скончана, — кіўнуў ён ад’ютанту, звярнуўся да перакладчыка: — Што там?

— Нічога цікавага, — па-французску адказаў той. — Пэўна, селянін з мясцовых. — Ён пераказаў змест допыту.

— Бандыт, — раўнадушна падагульніў капітан. — Расстраляць! Эй! — гукнуў салдатам. — Выконвайце!

Інтэндант уважліва разглядаў затрыманага. Ён успомніў, што рэкруты-ліцвіны з мясцовай губерні паказалі сябе мужнымі салдатамі пад Барадзіно. «Гэтым варварам усё роўна — што жыццё, што смерць», — сказаў тады нехта ў штабе Дару. «Такімі і павінны быць сапраўдныя салдаты, — буркнуў на тое маршал. — Армія існуе, каб загінуць».

— Пачакайце, Жэрар, — звярнуўся ён да капітана. — Не забівайце яго, адмяніце загад. Гонару ні вам, ні імператару — забіць чалавека без зброі. Эй вы, хвіліну!

— Дарагі Анры, я выконваю загад.

— Лухта, капітан.

— Гэта лазутчык! — капітан п’яна тыцнуў пальцам у палоннага. — У мяне нюх, як у сабакі. Спудлаваць у апошні момант — не!

— Адмяніце загад! — раптам устаў з лаўкі інтэндант.

— Цьфу, — плюнуў той. — Я магу расстраляць і вас, нягледзячы на вашы паперы! Не суньцеся не ў сваю справу!

Падрапаны твар інтэнданта пайшоў плямамі.

— Маўчаць! — зароў ён. Рука ўжо цягнула нечы палаш. — Маўчаць, альбо я вас выклікаю!

Капітан ускочыў з лаўкі, п’яна пахіснуўся, пацягнуўся да зброі.

— Казакі! — закрычалі за дзвярыма.

Пачуліся стрэлы, дзынкнула, рассыпалася шыба. Усе, адпіхваючы адзін аднаго, пачалі выскокваць з хаты.

З лесу лавай выскачылі коннікі, з віскам рынулі на салдат, на вогнішчы. Лаянка, крыкі, стрэлы — усё злілося ў гвалт і лямант.

«Калмыкі», — вызначыў інтэндант. Ён ведаў, што яны не асноўныя сілы конніцы рускіх, а невялікія атрады, якія сноўдалі па тылах, наводзячы паніку. «Але ж, калі прарвуцца, пасякуць шаблямі», — падумаў ён, выцягнуў з сакваяжа пісталеты, узвёў куркі.

Апошні час вопытныя ў такіх справах салдаты хутка, як заўсёды ў хвіліны небяспекі, занялі абарону. Пярэднія ўкленчылі, выставілі штыкі. Заднія пачалі бязладна страляць з ружжаў. Конныя рассыпаліся па баках, некалькі звалілася. Інтэндант чакаў з пісталетам напагатове. Раптам трохвуголка зляцела з галавы. Стралялі па ім. «Што такое? — мільганула думка. — Чаму ззаду?» Усё навокал мітусілася, мільгацела, нібы ў патрывожаным асіным гняздзе. Калмыкі зніклі раптоўна, як і з’явіліся. Ён падняў трохвуголку, разгледзеў дзірку. Нападалі з лесу, чаму ж стралялі ззаду?

«Дзе мае сані і куды знік Франсуа?»

Азіраючыся, паволі пайшоў назад, да хаты. Ён ішоў і разважаў, чаму вяртаецца туды, дзе яму, здавалася, няма чаго больш рабіць. I ўрэшце знайшоў адказ. Ён вяртаўся, каб капітан не палічыў яго баязліўцам.