Читать «Новая зямля (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Якуб Колас

I ад работы адрывае

I толькi сэрца ад'ядае.

Ўжо сонца ўгору падхадзiла,

На лiсцях роску асушыла;

У небе хмарачкi дзянныя

Плылi, як гускi маладыя,

Чародкай белай над лугамi,

Над свежым лесам i палямi.

А гэты ветрык дураслiвы

Траве зялёнай чэша грывы,

Ў садку жартуе з верабiнай,

Як голец-хлопец той з дзяўчынай,

I валасы зялёным стрэхам

У лесе гойдае са смехам.

А круглаверхiя асiны

Разносяць нейкiя навiны

I так гутораць, так смяюцца,

Што аж iх лiсцiкi трасуцца,

Вiдаць, такая iх урода.

Прыйшла i мацi з агарода.

- Алесь, сынок... iдуць кароўкi!

Бяжы хутчэй, рассунь засоўкi,

Каб не штаўхалiся дарма...

Ну, я лепш збегаю сама!

Куды ты, Юзiк, безгаловы?

З-за рэчкi цiснуцца каровы.

Iдзе паперадзе Красуля,

За ёю Лысая, Рагуля,

Ды дзве пярэзiмкi-цялушкi

Iдуць у згодзе, як дзве дружкi;

А збоку чмыша бык Мiкiта,

Хвастом матаючы сярдзiта.

А аваднi, як рой пчалiны,

Сляпiцай лезуць да скацiны,

Гудуць драпежна, тнуць балюча,

Бы крапiва тая пякуча,

Дыхнуць каровам не даюць.

Каровы злосныя бягуць,

Адна другую б'юць рагамi

I толькi тухкаюць нагамi;

I сам пастух бяжыць, гукае

I гэту заедзь праклiнае;

Няма за поганню парадку,

Сярдуе сам i злуе статка,

Барзджэй, як можа, ў хлеў пражэцца

I горш у веснiцах таўчэцца.

Каля хлява рух-суматоха:

- Куды ты, чортава Панчоха?!

Крычыць Уладзя, свiшча пужка

("Панчоха" - Лысае мянушка).

Назло Рагуля ўжо ў варотах

Цялушку рогам капарнула,

Аж тая, бедная, раўнула;

Тут Галас выскачыў з-пад плота

I ўжо па ўласнаму пачыну

Знайшоў зачэпку i прычыну

Свае тры грошыкi прыткнуць,

За хвост Мiкiту пацягнуць.

Ну, словам, шум тут быў вялiкi,

I танцавалi без музыкi.

Загнаўшы ў хлеў на месца статка,

Насеўся Ўладзя на аладкi,

Шпурнуўшы лапцi i анучы

Сярод двара ў пясок сыпучы;

Iх мацi зараз падабрала,

Нiчога сыну не сказала,

Пайшла ў крынiцы спаласнула,

Сушыцца ўскiнула на шула.

- Унь дзядзька йдзе! - гукаюць дзецi.

Забылi ўсё яны на свеце

I як мага бягуць, смяюцца,

Аж iх валосiкi трасуцца.

- А, дзядзька! дзядзечка, саколiк!

Насып мне ягад у прыполiк!

- Дай мне дубец! - А мне дай вуды!

Крычаць малыя шалапуды,

Бягуць i скачуць, б'юць у ладкi,

А дзядзька мерна йдзе з-за кладкi,

Iдзе без шапкi, круцiць носам

Гаворыць пацеры з засосам;

Для смешак твар яго зацяты,

Дык моў не лезьце, парасяты.

I дзецi змоўклi, больш нi слова:

Няхай канчаецца размова

Антося дзядзькi са святымi,

Тады пагутарыць i з iмi.

А покi кончыць ён малiцца,

То можна ў Свержнi апынiцца:

Псалмоў адкоцiць з паўдзесятка,

Ды так выразна, ды так гладка,

Што дзяк i той не ўсякi зможа,

Як рэпу грыз, - даруй грэх, Божа!

Не гаварыў, а сек языкам!

Малiўся дзядзька з тым разлiкам,

Каб кончыць модлы каля дома,

Бо ў хаце нельга, ёсць вядома,

Малiцца хораша, як трэба:

Тут глупства кожнае ад неба,

Ад Бога думкi адкiдае,

То тое-сёе замiнае,

I не намолiшся - нагрэшыш

Ды чорта лысага пацешыш.

I толькi дзядзька на двор ступiць,

Дык кулаком у грудзi лупiць,

Тры разы хрысцiцца, ўздыхае,

Тады ўжо шапку накiдае

I ставiць вуды ўсе ў парадак.

- Ну, што? наелiся аладак?

Жартуе дзядзька тут з малымi

Ды йдзе ўжо ў хату разам з iмi.

Яны, замест таго адказу,

Бубняць па пузу для паказу.

- Эх, брат Алесь! - гаворыць дзядзька.