Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)» онлайн - страница 12
Апулей
Сярод гушчару — Актэон, высечаны з каменю, напалову ўжо ператвораны ў аленя. Ён уважлiва глядзiць на багiню — сочыць, калi Дыяна пачне купацца, i яго адлюстраванне адбiваецца i ў мармуры грота, i ў басейне.
5. Пакуль я так няспынна гляджу на ўсё гэта з вялiкай прыемнасцю, Бiрэна кажа: "Усё, што бачыш, лiчы сваiм". Пасля гэтага адпраўляе ўсiх, каб пагаварыць са мной без сведкаў.
Калi мы засталiся адны, яна сказала: "Гэта багiня, дарагi Луцый, зарука, што я за цябе вельмi трывожуся i баюся i як роднага сына хачу выратаваць ад небяспекi. Сцеражыся, ой сцеражыся злога майстэрства i злачынных чараў гэтай Памфiлы, жонкi Мiлона, якi, як кажаш, з'яўляецца гаспадаром тваёй кватэры. Яна ў нас славiцца першай ведзьмай, якая ўмее выклiкаць душы нябожчыкаў. Нашэпча на палачку, на каменьчык цi на якую iншую дробязь, i ўсё зорнае скляпенне скiне ў пекла, i ўвесь свет апусцiцца ў спрадвечны хаос. Як толькi ўбачыць прыгожага юнака, адразу захапляецца ягоным выглядам i прыкоўваецца да яго душой i вачыма. Спакушае яго, авалодвае яго сэрцам i навек звязвае яго ланцугамi ненасытнага кахання. А калi хто супрацiвiцца i пагрэбуе ёю, зараз жа ператварае яго ў камень, у жывёлу, у любога звера або i зусiм знiшчае.
Вось дзеля чаго я хвалююся i баюся за цябе i раджу табе асцерагацца. Яна няспынна пакутуе юрам, а ты па ўзросту i прыгажосцi ёй падыходзiш…"
Гэтак усхвалявана вяла са мной гутарку Бiрэна.
6. А я, i так поўны цiкаўнасцi, як толькi пачуў даўно жаданае слова «магiя», дык замест таго, каб пазбягаць падкопаў Памфiлы, пачаў усёй душой iмкнуцца за любую цану аддаць сябе пад яе ўплыў, гатовы стрымгалоў кiнуцца ў бездань. Не помнячы сябе ад нецярплiвасцi, я вырываюся з рук Бiрэны, як з кайданоў i, хутка сказаўшы «бывай», iмчуся ў дом Мiлона. Паскараючы крок, як дурнаваты, кажу сам сабе: "Дзейнiчай, Луцый, не будзь разявакам i трымайся! Вось табе жаданы выпадак, цяпер можаш здаволiцца даўно чаканымi цудоўнымi казкамi. Адкiнь дзiцячыя страхi i горача бярыся за справу, толькi ўстрымайся ад абдымкаў сваёй гаспадынi i лiчы свяшчэнным ложак сумленнага Мiлона! Аднак трэба асаблiва пастарацца каля служанкi Фацiды! Яна ж i з твару прынадная, i рэзвага нораву, i вострая на язык. Учора вечарам, калi ты валiўся ад сну, як жа клапатлiва правяла яна цябе ў спальню, ветлiва ўклала ў пасцель, добра i старанна накрыла i, пацалаваўшы ў лоб, пайшла, некалькi разоў азiрнуўшыся. Што ж, удачы мне! Што будзе, тое будзе, папрабую шчасця з Фацiдай!"
7. Так разважаючы, дайшоў я да Мiлонавых дзвярэй, галасуючы, як гаворыцца, за сваю прапанову. Але дома не застаю нi Мiлона, нi яго жонкi, а толькi маю дарагую Фацiду. Яна рыхтавала сваiм гаспадарам рагу, прыемны пах якога я пачуў ужо здалёк. Апранутая была яна ў палатняную тунiку, падперазаную высока пад грудзьмi прыгожым чырвоным поясам, i спрытнымi ручкамi размешвала цеста ў гаршку, а яе гэтыя кругавыя рухi суправаджалiся частымi ўздрыгваннямi, i ад таго яе клубы плаўна, ледзь прыкметна пакалыхвалiся, а спiна яе цудоўна хвалявалася i хiсталася. Захоплены гэтым вiдовiшчам, я аслупянеў, стаю i дзiўлюся; узрушылiся i мае члены, якiя былi дагэтуль у супакоi. Нарэшце я звяртаюся да яе: "Як цудоўна, як мiла патрасаеш ты, прыгожая Фацiда, гэтым рондалем i сваiмi ягадзiцамi! Якую цудоўную рыхтуеш ежу! Тройчы шчаслiвы той, каму ты хоць пальцам дакрануцца да яе дазволiш!" На гэта дзяўчына, наколькi прыгожая, настолькi развязная, кажа: "Адыдзiся ад майго агню, бядак, бо калi нават найменшая мая iскра цябе запалiць, дык ушчэнт згарыш! Тады нiхто, апроч мяне, агню твайго не патушыць, бо я не толькi рондалi, але i ложак патрасаць умею!"