Читать «Рытуал Масгрэйваў» онлайн - страница 8

Артур Конан Дойль

На той момант, Ўотсан, я быў цвёрда ўпэўнены, што загадак было не тры, а ўсяго адна, і, правільна расчытаўшы рытуал Масгрэйваў, я здабыў бы ключ, што прывёў бы мяне да разгадкі як у справе дварэцкага Брантана, так і ў справе пакаёўкі Хоўэлс. У гэтым кірунку я і пачаў напружана думаць. Навошта слуга прагнуў зразумець старую формулу? Відаць, ён убачыў у ёй тое, што прапусцілі ўсе пакаленні мясцовых джэнтры і што магло прынесці яму пэўную выгаду. Але што менавіта? І як гэта паўплывала на яго лёс?

 Калі я прачытаў апісанне рытуалу, то зразумеў, што колькасць крокаў адсылае да месца, пра якое вядзецца ў астатніх фразах, і калі мы знойдзем гэтае месца, то апынемся на правільным шляху да разгадкі таямніцы, якую ранейшыя Масгрэйвы палічылі патрэбным зашыфраваць такім цікавым чынам. Нам дадзеныя два пункты адліку — дуб і вяз. Пытанняў наконт дуба ў мяне не ўзнікла: проста перад домам, злева ад пад’язной дарогі, стаяў дуб-патрыярх, адно з найцудоўнейшых дрэваў, якое мне даводзілася бачыць.

— У часы напісання вашага рытуалу ён там ужо рос? — спытаў я, калі мы праязджалі ля дуба.

— Хутчэй за ўсё ён расце тут з часоў нарманскага заваявання, — адказаў Масгрэйв. — Ён дваццаць тры футы ахопам.

— А ці ёсць у вас тут старыя вязы? — пацікавіўся я.

— Вунь там раней быў адзін, але дзесяць гадоў таму ў яго ўдарыла маланка, і мы яго ссеклі.

— Вы памятаеце, дзе ён рос?

— Безумоўна.

— Іншых вязаў тут няма?

— Старых няма, затое шмат букаў.

— Я хачу зірнуць на месца, дзе быў вяз.

Мы прыехалі ў двухколцы, і мой кліент адразу, не заходзячы ў дом, павёў мяне да лужка, на якім стаяў вяз. Гэта было прыкладна на сярэдзіне дарогі паміж дубам і домам. Здаецца, маё расследаванне прасунулася наперад.

— Як я разумею, вышыню вяза вызначыць цяпер немагчыма? — спытаў я.

— Я магу вам яе назваць: шэсцьдзесят чатыры футы.

— Адкуль вы ведаеце? — здзіўлена спытаў я.

— Калі мой хатні настаўнік задаваў мне задачы па трыганаметрыі, у іх заўсёды патрабавалася вымераць вышыню. Хлопчыкам я вылічыў вышыню кожнага дрэва і кожнага будынка ў маёнтку.

Якая нечаканая ўдача! Я здабыў патрэбную інфармацыю хутчэй, чым можна было чакаць.

— Скажыце, калі ласка, — спытаў я, — ваш дварэцкі задаваў вам такое пытанне?

Рэджыналд Масгрэйв здзіўлена паглядзеў на мяне.

— Цяпер мне прыгадваецца, — адказаў ён, — што некалькі месяцаў таму Брантан пытаў пра вышыню вяза ў сувязі з нейкай спрэчкай са стайнікам.

Навіна была цудоўнай, Ўотсан, бо пацвярджала, што я рухаюся ў правільным кірунку. Я зірнуў на сонца. Яно кацілася да захаду, і я падлічыў, што менш чым праз гадзіну яно апынецца акурат над самымі высокімі галінамі старога дуба. Такім чынам, адна са згаданых у рытуале ўмоваў будзе выкананая. Што да цені вяза — тут, відаць, маецца на ўвазе самы далёкі канец гэтага ценю, іначай у якасці пункту адліку быў бы абраны камель. Значыць, трэба вызначыць, куды падаў канец ценю, калі сонца апыналася над самым дубам.