Читать «Рытуал Масгрэйваў» онлайн - страница 3

Артур Конан Дойль

Я не бачыў яго гады чатыры, пакуль аднаго ранку ён не зайшоў у мой пакой на Мантэгю-стрыт. Ён амаль не змяніўся і быў апрануты як малады свецкі леў — зрэшты, дэндзі ён быў заўсёды — і захоўваў усё тыя ж спакойныя і далікатныя манеры, якімі вылучаўся раней.

— Як маецеся, Масгрэйв? — спытаў я, сардэчна паціснуўшы яму руку.

— Магчыма, вы чулі пра смерць майго беднага бацькі, — адказаў ён. — Гэта здарылася два гады таму, і мне, безумоўна, давялося прыняць на сябе маёнтак Харлстан. Апроч гэтага, я яшчэ і дэпутат ад свае акругі, а таму жыццё маё вельмі насычанае. Як я разумею, вы, Холмс, вырашылі прымяніць здольнасці, якімі так нас уражвалі, на практыцы?

— Але, — адказаў я. — Зарабляю розумам на жыццё.

— Рады гэта чуць, бо цяпер мне неабходная вашая парада. У нас у Харлстане адбыліся вельмі дзіўныя падзеі, і паліцыя не змагла праліць на іх святло. Усё гэта вельмі незвычайна і не паддаецца тлумачэнню.

Можаце сабе ўявіць, Ўотсан, з якім запалам я слухаў яго, бо мне ўрэшце быў дадзены шанец, якога я з трымценнем чакаў доўгія месяцы бяздзеяння. У глыбіні душы я верыў, што магу дасягнуць поспеху там, дзе іншыя пацярпелі паразу, і цяпер мог сябе праверыць.

— Прашу вас, раскажыце падрабязней! — усклікнуў я.

Рэджыналд Масгрэйв сеў насупраць і закурыў прапанаваную цыгарэту.

— Вы мусіце ведаць, — пачаў ён, — што хоць я і халасцяк, але ўсё адно павінен трымаць у Харлстане вялікі штат прыслугі, бо стары маёнтак пабудаваны досыць неахайна і патрабуе сур’ёзнага догляду. Апроч гэтага ў мяне ёсць запаведнік, і ў сезон палявання на фазанаў прыязджае шмат гасцей, што таксама патрабуе вялікай колькасці слуг. Усяго я трымаю восем пакаёвак, кухара, дварэцкага, двух лёкаяў і хлопчыка-пасыльнага. І, безумоўна, свой штат наймаецца для саду і стайняў.

Даўжэй за астатніх у нас служыць Брантан, дварэцкі. Калі бацька наняў яго, Брантан быў маладым школьным настаўнікам без месца, але ўжо тады чалавекам вялікай энергіі і моцнага характару. Хутка ён паказаў сябе як бясцэнны працаўнік. Гэта высокі прывабны мужчына з велічнай паставай, і хаця ён праслужыў у нас дваццаць гадоў, дагэтуль выглядае на сорак. Неверагодна, што з усімі сваімі вартасцямі і надзвычайнымі талентамі — а ён ведае некалькі моваў і грае ледзь не на ўсіх музычных інструментах — ён ужо столькі часу задаволены сваім становішчам. Думаю, яму ў нас утульна, а можа, не стае сілаў штосьці змяніць. У любым разе, харлстанскі дварэцкі западае ў душу кожнаму нашаму наведніку.