Читать «Рытуал Масгрэйваў» онлайн - страница 11
Артур Конан Дойль
Але падняць такі камень дваім, асабліва калі адна з іх жанчына, было надта цяжка. Нават нам з дужым сасэкскім палісменам было нялёгка. Што яны зрабілі, каб палегчыць справу? Тое, відаць, што зрабіў бы і я. Я падняў і ўважліва разгледзеў некалькі паленаў, раскіданых па падлозе, і хутка ўбачыў тое, што чакаў. Адно з іх, даўжынёй каля трох футаў, мела на канцы вельмі выразныя расколіны, іншыя ж былі прыціснутыя з бакоў, быццам іх сплюшчылі чымсьці надзвычай важкім. Цягнучы пліту, дварэцкі з пакаёўкай, відавочна, падсоўвалі дровы ў шчыліну, пакуль урэшце адтуліна не зрабілася такой шырокай, што ў яе мог пралезці чалавек. Яны падперлі пліту пастаўленым вертыкальна паленам — пра гэта выразна сведчаць расколіны на ніжнім яго канцы, на які прыпала ўся вага пліты. Пакуль мае дапушчэнні былі цалкам верагоднымі.
Але як я мусіў разважаць далей, каб узнавіць драматычныя падзеі той ночы? У адтуліну, бясспрэчна, мог залезці толькі адзін чалавек, і гэта быў Брантан. Дзяўчына чакала вонкі. Брантан адамкнуў замок, імаверна, перадаў ёй змесціва куфра (а іначай куды знік скарб?), і тады... І што ж здарылася тады?
Калі яна ўбачыла, што мужчына, які яе пакрыўдзіў — магчыма, нават мацней, чым мы думалі, — цяпер у яе руках, агонь помсты, што дагэтуль тлеў у палкай кельцкай душы, раптам разгарэўся. Ці выпадкова павалілася палена і пліта замуравала Брантана ў каморцы, што зрабілася яго труной? Ці вінаватая яна толькі ў тым, што прамаўчала пра гэтае здарэнне? Ці гэта ўдар яе рукі выбіў падпорку, каб пліта легла на сваё месца? Як бы там ні было, я амаль бачыў фігуру гэтай жанчыны, што прыціснула да сябе скарб і ашалела бегла па прыступках, а ў яе вушах гучалі прыглушаныя крыкі і шалёныя ўдары па каменнай пліце, пад якой задыхаўся яе няверны каханы.
Вось у чым хаваўся сакрэт яе бледнага твару, расстроеных нерваў і выбухаў істэрычнага смеху наступным ранкам. Але што было ў куфры? Што яна зрабіла са змесцівам? Безумоўна, гэта былі тыя самыя кавалкі старога металу і аскепкі галькі, якія мой кліент выцягнуў са стаўка. Яна пры першай жа магчымасці выкінула іх у ваду, каб схаваць апошні след свайго злачынства.
Наступныя дваццаць хвілінаў я нерухома сядзеў, абдумваючы справу. Бледны Масгрэйв стаяў побач, разгойдваючы ліхтар і пазіраючы ў адтуліну.
— Гэта манеты Карла І, — сказаў ён, падаючы мне знойдзеныя рэшткі скарбу. — Бачыце, мы не памыліліся з датай узнікнення нашага рытуалу.
— Мы знойдзем яшчэ штосьці з часоў Карла І, — усклікнуў я, раптам здагадаўшыся пра магчымае значэнне першых двух пытанняў рытуалу. — Дайце мне зірнуць на змесціва вылаўленага ў стаўку мяшка.
Мы падняліся ў кабінет, і Масгрэйв паклаў аскепкі перада мной. Калі я зірнуў на гэты амаль счарнелы метал і бясколерныя бляклыя камяні, я зразумеў, чаму ён палічыў іх смеццем. Калі я працёр адзін з каменьчыкаў рукавом, ён заззяў на маёй далоні, як іскра. Кавалкі металу мелі выгляд падвойнага кола, але яно пагнулася і страціла першапачатковую форму.