Читать «Вячаслаў АДАМЧЫК» онлайн - страница 2
Даўняе, незабыўнае...
— Чаму-ж без агню сядзіш?
— Яшчэ відно, нашто лішне газу псаваць,— агрызнуўся з печы Сідар.
«Скупы які,—падумаў я сам сабе,—з ім не ўжывеш».
Вешаючы над сталом лямпу, дзяўчына заў~ важыла мяне.
— А хто-ж гэта яшчэ?..—Але пазнала;—Уладак! Прытаіўся, а я і не бачу.
Яна пайшла на хату, скінула жакет, зняла з галавы белую вязаную хустку і вярнулася ў кухню, расчырванелая пасля марозу.
Гаварылі, што сіўтукова дачка Зоня ўся ўдалася ў нябожчыцу маці, некалі самую прыгожую дзяўчыну на сяле. Цяпер, седзячы ў іх хаце, я прыпомніў i гутарку на вёсцы, i разам з тым свая нейкая цікавасць прымусіла мяне прыгледзецца да гэтае дзяўчыны.
Цьмяны агеньчык лямпы скупа асвятляў яе постаць. I сапраўды Зоня была прыгожая: чарнявая, не так высокая, але стройная I пад свой тонкі стан здавалася рослай. Яе вочы з дзіцячай неразважнасцю i неяк ужо з дарослай строгасцю глядзелі на мяне,
3 кухні на хату Зоня перанесла лямпу, i хатняя шырыня ўвабрала яе скупое святло, У далёкіх кутках густа асеў змрок. На беляную столь, на сцены, на шэрую нефарбаваную падлогу легла скупая відната,
На сцяне, у фанернай скрыначцы, цікаў гадзіннік. Быў ён куплены дзеля фасону. Стары заўсёды спадзяваўся на пеўня—клаўся позна спаць, а ўставаў рана і заўсёды ўпару.
Мы селі з Зоняй на шырокай лаве, дзе пазней ужо сядзелі разам, як блізкія, і вельмі блізка. Мы разгаварыліся, ды нас перабіў Сіўтук, высунуўшы з кухні даўгаваты, пануры твар:
— От сядзіш, паслала-б хлопцу,
Яна не адгаварвалася. У валёнках на босую нагу i, здаецца, не датыкаючыся імі да падлогі, лёгка выбегла з хаты.
— Мо' ляжаш?—Сіўтук прытупаў да мяне.— Зранку малаціць-жа...
Я не ведаў, што сказаць яму: ці адмаўляцца, ці згадзіцца. «Тут не адпачнеш, успора яшчэ да свету»,—падумаў сабе, але сказаў інакш.
— Ды буду спаць.
Ён засмяяўся, задаволены і, мусіць, рады сваім смехам, заварушыў шчуплымі плячмі.
— Г этак-жам.
Памаўчаў трохі і запытаў потым:
— Куды-ж ад мяне падавацца думаеш? Яно каб была свая зямля, дык, пэўна, калупаўся-б пры доме.
Што я, не ведаючы пра свой лёс, мог адказаць Сіўтуку?
— А хто яго ведае...—і толькі.
— То я скажу,—забубніў ён,—як сабе хочаш, справа твая, ад самога залежыць. Я чалавек такі, калі што якое, то з платаю не пакрыўджу. Ды што гаварыць, некалі спамянеш. Вось, пакуль што да чаго, папрацаваў-бы ў мяне з годзік, а там яно відаць будзе. Ведаеш, занядужаў я, не тыя рукі да работы, цяжка, а зямлі яно належны выраб дай. А ўдвох, нябось, управіліся-б...
Выйсця другога для мяне не было, i я мусіў падацца на не вельмі салодкі батрацкі хлеб.
Зоня прынесла куль свежае жытняе саломы, дастала са свайго куфра здатную дзяругу-пе~ рабіранку ў трыццаць два пруты з прыгожым узорам, можа яшчэ памятку рупнага дзявоцтва свае маці, i мякка выслала мне на падлозе.
Мы клаліся спаць. Патушыўшы лямпу, гаспадар пасунуўся на гарачую печ. Там ён шчыра адгаварваў нанач штодзённую малітву: «Крыжам пасцялюся, крыжам апрануся, з панам Язусам спаць кладуся». Дробным гарохам сыпаліся на хату яго набожныя словы.