Читать «Ферма (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Джордж Оруэлл

Чалавек - адзiная iстота, якая спажывае, нiчога не вырабляючы. Ён не дае малака, ён не нясе яек, ён занадта слабы, каб цягаць плуг, ён не ўмее бегаць так хутка, каб лавiць зайцоў, i, аднак, ён - гаспадар над усiмi жывёламi. Ён прымушае iх працаваць, а ўзамен дае iм убогi мiнiмум, каб толькi не даць iм памерцi з голаду, астатняе ж забiрае сабе. Нашай працаю ўрабляецца зямля, нашым гноем яна ўгнойваецца, i, аднак, нiводзiн з нас не валодае нiчым, апрача свае няшчаснае шкуры. Вось вы, каровы, што стаiце цяпер перада мною, колькi тысяч галонаў малака далi вы за апошнi год? А што сталася з гэтым малаком, якiм можна было выкармiць столькi здаровых цялят? Усё да апошняе кроплi знiкла ў глотках нашых ворагаў. А вы, куры, колькi яек знеслi вы за апошнi год i колькi з гэтых яек выседзелi куранят? Астатняе звезлi на рынак, каб зарабiць грошы для Джоўнза i яго людзей. Цi вось ты, Канюшынка, дзе тыя чацвёра жарабятаў, што ты нарадзiла, якiя маглi стацца табе радасцю i падмогай у старасцi? Усiх папрадавалi, як толькi iм спаўняўся год - нiводнага з iх ты болей нiколi не ўбачыш. За пакуты пад час родаў i за ўсю тваю працу ў полi што ты атрымала, апроч убогiх харчоў i бруднага стойла?

I нават такому нашаму няшчаснаму жыццю не даюць развiвацца натуральным чынам. Што да мяне, я не скарджуся, бо я адзiн з тых, каму пашанцавала. Мне дванаццаць гадоў, i я меў больш за чатырыста дзяцей. Гэта нармальнае жыццё для свiннi. Але нiводная жывёлiна ўрэшце не пазбягае бязлiтаснага нажа. Вы, маладыя парасяты, што седзiце перада мною, усе вы са страшнымi крыкамi сустрэнеце смерць на калодзе праз нейкi год. I гэты жах чакае нас усiх кароў, свiнняў, курэй, авечак - усiх. Не лепшая доля ў коней i сабак. А цябе, Баксёр, у той самы дзень, калi твае магутныя цяглiцы страцяць сваю сiлу, Джоўнз прадасць скуралупу, якi перарэжа табе глотку i зварыць з цябе полiўку сваiм ганчакам. Што да сабакаў, дык калi яны зробяцца старыя i бяззубыя, Джоўнз прывяжа iм на шыю цаглiну i патопiць iх у найблiжэйшым ставе.

Цi ж вам, таварышы, цяпер не ясна, што ўсё лiхое ў нашым жыццi спароджана тыранiяй людскога роду? Трэба толькi пазбавiцца ад Чалавека, i плён нашай працы будзе належаць нам самiм. Амаль адразу мы станемся багатыя i вольныя. Дык што ж нам рабiць? А вось што: працаваць уночы i ўдзень, целам i душою, каб скiнуць уладу чалавечага роду! Вось мой заклiк да вас, таварышы: Паўстанне! Я не ведаю, калi пачнецца Паўстанне, гэта можа здарыцца праз тыдзень або праз сотнi гадоў, але я ведаю, гэтаксама пэўна, як бачу гэтую салому ў мяне пад нагамi, што раней цi пазней справядлiвасць пераможа. Няспынна памятайце пра гэта, таварышы, усю кароткую рэшту вашага жыцця! А галоўнае - перакажыце гэты мой заклiк тым, хто прыйдзе пасля вас, каб будучыя пакаленнi маглi працягнуць змаганне да пераможнага канца.

I памятайце, таварышы, ваша рашучасць павiнна быць непахiсная. Нiякiя доказы не павiнны збiць вас з тропу. Нiколi не слухайце, калi вам будуць казаць, што Чалавек i жывёлы маюць агульныя iнтарэсы, што дабрабыт Чалавека будзе азначаць i дабрабыт жывёлаў. Усё гэта мана. Чалавек не служыць iнтарэсам нiводнай жывой iстоты, апроч самога сябе. Дык хай жа сярод нас, жывёлаў, пануе поўная еднасць i братэрства ў змаганнi. Усе людзi - ворагi. Усе жывёлы таварышы.