Читать «Скачок у нiшто (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Владимир Шитик

Савацееў матнуў галавой, а Шабанаў усмiхнуўся.

- А ну вас! - крыкнуў Савацееў i саскочыў на пясок да робатаў.

- Далей нельга! Далей нельга!

Бясстрасны голас робата толькi падахвоцiў Савацеева, i ён, сарваўшыся з месца, кiнуўся да берага. I адразу ж затрапятаў у бяссiльным парыве, схоплены робатамi за рукi.

- Далей нельга! Далей нельга! - няспешна i манатонна гучала ў шлемафоне.

- Кiнь, Паўлюк! - сказаў Шабанаў зверху. - Ты ж сам настроiў iх на небяспеку.

Савацееў зразумеў недарэчнасць сваiх паводзiн. Перастаўшы супрацiўляцца, ён буркнуў:

- Добра, добра ўжо, буду стаяць.

Робаты адразу выпусцiлi яго са сваiх моцных жалезных абдымкаў i пакрочылi далей, быццам нiчога не здарылася. Яны дайшлi да апошняга следу, пастаялi, зрабiлi яшчэ адзiн крок наперад i ўключылi апаратуру.

Шабанаў глядзеў на экран, якi свяцiўся роўным зеленаватым святлом, i чакаў, што вось зараз апраўдаецца меркаванне Савацеева i пад пластом пяску яны ўбачаць Корзуна. Шабанаў не хваляваўся. Гэта быў бы не такi ўжо дрэнны варыянт - Корзун хоць i ў лёгкiм герметычным касцюме, але мог бы пратрымацца i больш часу, кiслароду хапала яшчэ гадзiн на дзесяць.

Нiводная iскарка не патрывожыла аднастайнае мiгценне экрана. Пясок быў аднародны, без староннiх прадметаў на многiя метры ўглыб. Робаты яшчэ пакружылi навокал, штораз даследуючы большую плошчу, i павярнулi назад.

Бадай толькi цяпер Шабанаў у поўнай меры ўсвядомiў, што здарылася. Раней яму здавалася, што гэта нейкi жарт з боку Корзуна, або калi i ёсць тут нейкая таямнiца, то яна бяскрыўдная. Ён паглядзеў на мора. Яно было па-ранейшаму спакойнае, а яму ўжо ўяўлялася грозным. Што ён можа сказаць пэўнага аб гэтай магутнай i нечакана варожай сiле, якая скандэнсавана ў агромнiстай масе вады? Нiчога. А гэтая ж сiла можа проста падмяць чалавека, не пакiнуўшы нiякага следу. Магчыма, вось так, як здарылася з Корзунам. I што наогул яны ведаюць пра Сiрэну?

Месяц назад зоркалёт "Памiр" зрабiў пасадку на Сiрэне. Планета мела атмасферу з даволi высокiм утрыманнем кiслароду, ваду, блiзкую па сваiх хiмiчных уласцiвасцях да зямной, i разам з тым была пазбаўлена складаных арганiчных форм жыцця. Дзiўна было глядзець на высокiя голыя горы, пясчаныя пустынi, акружаныя з усiх бакоў морамi.

Мёртвая планета, цiкавая сваiмi атмасфернымi з'явамi. Адзiная ў сваiм родзе ў сiстэме Альтаiра. Людзi вывучалi яе будову, шукалi прычыны, якiя растлумачылi б рэзкiя змены ў надвор'i. I раптам здарэнне, якое пагражала абярнуцца трагедыяй, Трэба было наладжваць пошукi, а людзi не ведалi, адкуль iх пачынаць.

Шабанаў адчапiў ад пояса бiнокль, паднёс яго да вачэй. Мора было пустыннае, толькi водблiскi далёкай рабiзны раз-пораз узнiкалi ў палiраваных лiнзах.

- Не давяраеш лакатарам? - спытаў Савацееў.

Шабанаў апусцiў бiнокль, зiрнуў на чысты экран лакатара i спытаў разгубленым голасам:

- Паўлюк, дзе Корзун?

Пакiнуўшы на ўсякi выпадак двух робатаў на беразе, Шабанаў i Савацееў вярнулiся на "Памiр", каб падрыхтаваць гiдраплан. Яны вырашылi ў моры пашукаць адгадку гэтай тайны.

Разведка нiчога не дала. На добрую сотню кiламетраў мора было цiхiм, спакойным, без прыкмет нават унутранага руху, прасвечвалася да самага дна.