Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

Сельма Лагерлеф

Тут пастар зрабiў настолькi яўную спробу перапынiць свайго субяседнiка, што ротмiстр нарэшце заўважыў яго нецярплiвасць.

- Ведаю, аб чым вы думаеце, брат мой, - прамовiў ён, - тое ж падумаў i я, пачуўшы ў абед гэту гiсторыю, але зараз, ва ўсякiм выпадку, папрашу вас, высокапаважаны брат мой, выслухаць мяне да канца. Такiм чынам, я хацеў сказаць, што гэты разбойнiк з Ансалы, мабыць, быў чалавек бясстрашны i да таго ж вельмi адданы свайму нябожчыку гаспадару. Iнакш ён наўрад цi адважыўся б выканаць такi наказ. Калi ён падплыў блiжэй да месца пахавання Гатэнйельма, шхеры пiрата захлiствалi такiя высокiя хвалi, нiбы разгулялася страшная бура, а бразганне зброi i шум бiтвы чутны былi далёка навокал. Аднак работнiк падышоў на вёслах як мага блiжэй, i яму ўдалося закiнуць на шхеры i ядлоўцавыя палiцы i бярэмi прутоў. Некалькi шпаркiх узмахаў вёсламi - i ён адплыў ад страшнага месца.

- Высокапаважаны брат мой... - пачаў быў пастар, але ротмiстр непахiсна працягваў.

- Аднак далей ён не паплыў, а перастаў веславаць, рашыўшы паназiраць, цi не здарыцца што-небудзь незвычайнае. I чакаць яму марна не давялося. Бо над шхерамi паднялася раптам да аблок марская пена, шум змянiўся страшным грукатам, быццам на полi бiтвы, i жахлiвыя стогны разнеслiся над морам. Так працягвалася нейкi час, паступова зацiхаючы, а пад канец хвалi i зусiм перасталi браць штурмам Гатэнйельмаву магiлу. Неўзабаве тут стала гэтак жа цiха i спакойна, як i на ўсякiх iншых шхерах. Работнiк хацеў ужо накiравацца ў зваротны шлях, але ў той жа мiг да яго звярнуўся грамавы i ўрачысты голас:

"Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале, пакланiся маёй жонцы i перадай: цi жывы, цi мёртвы, Ласэ Гатэнйельм заўсёды перамагае сваiх ворагаў!"

Апусцiўшы галаву, пастар слухаў апавядальнiка. Цяпер, калi гiсторыя падышла да канца, ён узняў галаву i запытальна зiрнуў на ротмiстра.

- Калi гувернёр вымавiў гэтыя апошнiя словы, - працягваў ротмiстр, - я заўважыў, што сыны мае спачуваюць гэтаму паскуднаму нягоднiку Гатэнйельму i што iм па душы прыйшоўся аповед пра яго адвагу. Таму я i паспяшаўся заўважыць - маўляў, гiсторыя гэта прыдумана складана, але ўсё гэта наўрад цi што большае за самую звычайную выдумку. Бо калi, - сказаў я, - такi грубы пiрат, як Гатэнйельм, мог пастаяць за сябе нават пасля смерцi, то як жа растлумачыць, што мой бацька, такi адчайны рубака, як i Гатэнйельм, але не ў прыклад яму добры, сумленны чалавек, дазволiў злодзею прабрацца ў склеп i ўкрасцi ў яго самы каштоўны набытак? А ў яго не было сiлы перашкодзiць гэтаму цi ва ўсякiм разе хоць пасля адпомсцiць вiнаватаму.

Пасля гэтых слоў пастар падхапiўся з не ўласцiвай для яго жвавасцю.

- I я прытрымлiваюся такога ж меркавання! - усклiкнуў ён.

- Паслухайце, аднак, што здарылася далей, - працягваў ротмiстр. - Не паспеў я вымавiць гэтыя словы, як за спiнкай майго крэсла пачулiся гучныя ўздыхi. I ўздыхi гэтыя былi вельмi падобныя на тыя ўздыхi майго нябожчыка бацькi, калi яго мучылi старэчыя недамаганнi. Мне нават падалося, што ён стаiць у мяне за спiной. I я падхапiўся з месца. Зразумела, нiкога i нiчога я не ўбачыў, але быў перакананы, што чуў майго бацьку. Мне не захацелася больш садзiцца за стол, i я прасядзеў тут увесь наступны час у адзiноце, разважаючы аб гэтай справе. I мне вельмi хацелася б пачуць, што думаеце наконт гэтага вы, мой высокапаважаны брат. Тыя жаласныя ўздыхi аб украдзеным скарбе, якiя я чуў... Цi быў гэта мой нябожчык бацька? Калi б я быў упэўнены, што ён усё яшчэ знемагае ад тугi з-за гэтага пярсцёнка! Ды я лепей бы хадзiў па дварах, праводзячы дазнанне, чым дапусцiў, каб ён хоць адзiн мiг пакутаваў жорсткай скрухай, як аб тым сведчаць ягоныя жаласныя ўздыхi.