Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 20
Уладзімір Караткевіч
— Дарэмна вы кінуліся туды, — сказала яна. — Вы, вядома, нікога не пабачылі. Я ведаю, бо бачу яго толькі я і часам яшчэ ахмістрыня. Берман бачыў яго.
— Каго «яго»?
— Малога Чалавека Балотных Ялін.
— А гэта што такое?
— Не ведаю. Але ён з'яўляецца, калі ў Балотных Ялінах хтосьці павінен памерці наглай смерцю. Ён можа хадзіць яшчэ год, але дачакаецца свайго.
— Магчыма, — няўдала пажартаваў я. — Будзе сабе хадзіць яшчэ год семдзесят, пакуль вас не пахаваюць праўнукі.
Яна рэзка адкінула галаву:
— Я ненавіджу тых, хто жэніцца. І не смейце жартаваць з гэтым. Гэта занадта сур'ёзна. Так загінула восем маіх продкаў, — гэта толькі тыя, пра каго запісалі, — і заўжды ў запісах упамінаюць Малога Чалавека.
— Надзея Раманаўна, не хвалюйцеся, але нашы продкі верылі, між іншым, і ў ведзьмакоў таксама. І заўжды знаходзіліся людзі, якія кляліся, што бачылі іх.
— А бацька? Мой бацька? Гэта не запісы, гэта чула, гэта бачыла я сама. Бацька быў атэіст, але ў Малога Чалавека і ён верыў да таго самага часу, пакуль яго не даканала дзікае паляванне. Я чула, разумееце?! Тут вы мяне не пераканаеце. Гэтыя крокі гучалі ў нашым палацы перад яго смерцю амаль кожны дзень.
Што мне было рабіць? Пераконваць яе, што гэта была слухавая галюцынацыя? Але я не галюцыніраваў, я выразна чуў крокі і стогн. Казаць, што гэта нейкі стары акустычны эфект? Не ведаю ці дапамагло б гэта, хоць палова чутак пра прывіды ў старых будынках грунтуецца менавіта на такіх фокусах. Напрыклад, вядомы прывід палаца Любамірскіх у Дуброўне выявіўся нарэшце сасудам з ртуццю і залатымі манетамі, які невядомы жартаўнік год за сто да адкрыцця таямніцы замураваў у комін якраз у тым месцы, дзе ён выходзіў на сонечны прыпёк. Варта было начному холаду начаць змяняцца на дзённую спякоту, як амаль ва ўсіх пакоях другога паверха пачыналіся дзікі лямант і шоргат.
Але хіба пераканаеш у гэтым дурненькае дзяўчо? Таму я з важным выглядам спытаў:
— А хто ён такі, які ён, гэты Малы Чалавек Балотных Ялін?
— Я яго бачыла тройчы і ўсё наводдаль. Аднойчы гэта было перад самай смерцю бацькі. Двойчы — нядаўна. А чула, можа, сотню разоў. І я не спалохалася, толькі апошні раз, можа… трошкі. Я пайшла да яго, але ён знік. Гэта сапраўды малы чалавек, можа, па грудзі мне, ён худы і нагадвае заморанага дзіцёнка. У яго сумныя вялікія вочы, надта доўгія рукі і ненатуральная выцягнутая галава. Апрануты ён, як дзвесце год таму, але на заходні манер. Вопратка зялёная. Ён звычайна зварочваў ад мяне за паваротку калідора і, пакуль я дабягала, знікаў, хоць гэты калідор зусім глухі. Там ёсць толькі пакой з даўно закінутым рызманом. Але ён забіты дзюймовымі цвікамі: мы назнарок пасля спрабавалі адчыніць — нельга.
Мне стала вельмі шкада яе. Няшчасная, напэўна, проста была на шляху да вар'яцтва.
— І гэта яшчэ не ўсё, — насмелілася яна. — Можа, трыста год не было ў гэтым палацы Блакітнай Жанчыны — бачыце, вось той, што на партрэце. Сямейныя паданні казалі, што яна задаволіла прагу помсты, але я не верыла. Гэта была не такая асоба. Калі яе ў 1501 годзе цягнулі на страту, яна крыкнула мужу: «Косці мае не супакояцца, пакуль не здохне апошняе змеяня гэтай пароды». І пасля амаль сто год ад яе не было паратунку: то чума, то невядома кім падкінутая ў кубак атрута, то смерць ад невядомага начнога жаху. Яна кінула помсціць толькі прапраўнукам… Але зараз я ведаю, што яна трымае слова. Не так даўно яе пабачыў Берман на забітым балконе, бачылі і другія. Не бачыла адна толькі я, але гэта яе звычай, спачатку паказвацца іншым, а таму, каму трэба, толькі ў часіну смерці… Мой род знікне на мне, я гэта ведаю. Нядоўга засталося чакаць. Яны будуць задаволены.