Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 17
Уладзімір Караткевіч
«З палову вярсты будзе да палаца, — падумаў я. — Калі, скажам, гаспадароў надумаюцца рэзаць — тут не пачуюць, хоць з гарматы страляй».
Ля самых акон стаяў на дзвюх цаглінах чыгунок, і нейкая сівая гарбатая жанчына памешвала ў ім лыжкай. Напэўна, у флігелі дымілі печы, і таму гаспадары да позняй восені варылі ежу на свежым паветры.
І зноў зялёны змрок алеі. Я вельмі доўга ішоў ёю, пакуль не дабраўся да таго месца, праз якое мы трапілі ў парк. Тут бачны былі свежыя сляды нашага вазка, і агароджа, чыгунная, вітая, выключна тонкай работы, была павалена, разбіта на кавалкі і адцягнута ў бакі. Праз яе віткі прараслі даволі вялікія бярозкі. А за агароджай (тут алея звяртала налева і цягнулася немаведама куды) ляжала бурая неабсяжная раўніна са скарлючанымі рэдкімі дрэўцамі, зялёнымі вокнамі (у адно з іх мы, відаць, учора ледзь не трапілі, і я заднім лікам пахаладзеў ад жаху), рэдкімі велічнымі каменнямі.
Самотная варона круцілася над гэтым гіблым месцам.
…Калі я з'явіўся надвячоркам дадому з пачынка, я быў так намучаны гэтым змрочным месцам, што ледзь узяў сябе ў рукі. Мне пачынала здавацца, што гэта назаўсёды, гэтыя бурыя раўніны, дрыгва, напаўжывыя ад трасцы людзі, выміраючы ад старасці парк — уся гэта безнадзейная і ўсё ж родная зямля, над якою ўдзень хмары, а ўначы свеціць воўчае сонца або лье бясконцая зліва.
Надзея Яноўская чакала мяне ў тым самым пакоі, і зноў былі той самы дзіўны выраз на яе перакрыўленым твары і тая самая няўважлівасць да вопраткі. Толькі на стале, дзе стаяў позні абед, былі змены.
Абед быў вельмі сціплы і не каштаваў гаспадыні ані шэлега, бо ўсе стравы былі з вясковых прадуктаў. Толькі на сярэдзіне стала стаяла бутэлька віна, ды і тое, відаць, было сваё, са сваіх сутарэнняў. Але ўсё іншае было проста феерверкам фарбаў і форм. Пасярэдзіне стаяла срэбная ваза для кветак, і ў ёй дзве жоўтыя галінкі клёна, поруч з ёю, але, відаць, з другога сервіза, вялікая, таксама срэбная, супавая міса, срэбная салонка, талеркі, блюда. Але здзівіла мяне не гэта, тым больш што ўсе гэтыя рэчы былі разрозненыя, цёмныя ад старасці, там-сям трошкі змятыя. Здзівіла мяне тое, што гэтыя рэчы былі даўняй мясцовай работы.
Вы, вядома, ведаеце, што стагоддзі два-тры таму срэбная і залатая пасуда ў Беларусі была пераважна нямецкай работы, вывезеная з прусаў. Гэтыя прадметы, багата аздобленыя рознымі выкрутасамі, рэльефнымі фігуркамі святых і анёлаў, былі саладжавыя і прыгожанькія, да таго, што хацелася ванітаваць, але што зробіш, гэта была мода.
А гэта было сваё: нязграбныя, трошкі прысадзістыя фігуркі на вазе, характэрны арнамент. І нават у жанчыны на салонцы было простае шыракаватае тутэйшае аблічча.
І сярод гэтага стаялі два келіхі з вясёлкавага старажытнага шкла, якога зараз на вагу золата не знойдзеш (адзін келіх, перад ёю, быў трошкі надбіты зверху).
Як на грэх, адзіны за ўвесь дзень апошні прамень сонца прабіўся ў акно і зайграў у шкле, запаліў у ім дзесяткі рознакаляровых агеньчыкаў.