Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 121

Уладзімір Караткевіч

Мы ад'язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё.

— Што ты думаеш рабіць з гэтым? — спытаў я.

Яноўская знізала плячыма, як ад марозу:

— Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. — І горка ўсміхнулася: — Маярат! Столькі крыві, такі клубок подласці, падступных злачынстваў, інтрыг… І дзеля чаго? Жменька золата… Не, Бог з ім, з маяратам, гары ён ясным агнём!…

Я абняў яе за тонкія плечы:

— Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго.

Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах.

І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана.

Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі.

Чалавек гэты пайшоў вялікімі крокамі нам насустрач, затрымаў за аброць каня, і мы пазналі Рыгора. Ён стаяў у сваім кажусе, зблытаныя валасы падалі з-пад магеркі на лоб, на добрыя дзіцячыя вочы.

Я скочыў з воза.

— Рыгор, дарагі, што не прыйшоў развітацца?

— Хацеў адных вас сустрэць. Цяжка мне пасля гэтай гісторыі. Вы малайцы, што едзеце, тут паўсюль вам усё будзе нагадваць старое.

Палез рукою ў кішэнь і, пачырванеўшы, дастаў гліняную ляльку.

— Гэта вам, Надзея Раманаўна… Можа, паставіце дзе… успамінаць будзеце…

Надзея ўзяла яго за скроні і пацалавала ў лоб. Пасля дастала з вушэй завушніцы і паклала іх у шырокую чорную далонь паляўнічага.

— Будучай жонцы тваёй.

Рыгор крэкнуў, пакруціў галавою.

— Бывайце вы… Бывайце, лепей, хутчэй… А то адзін грэх з вамі: разрумзаешся, як баба… Дзеці вы. Жадаю вам найлепшага, самага добрага на зямлі.

Я расцалаваў Рыгора ад усяе душы.

— Рыгорка! Лепшы друг! Ёдзем з намі, перасядзіш той час, калі будуць шукаць Дубатоўка і іншых. А то яшчэ які-небудзь паскуднік заб'е цябе.

Вочы Рыгора пасуровелі, і жолвы зарухаліся на сківіцах.

— Го, няхай паспрабуе!…

І рукі ягоныя сціснулі доўгую стрэльбу, аж жылы на іх надзьмуліся.

— Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства — лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым.

— І я веру ў гэта, — проста сказаў я.

Калі мы ад'ехалі далёка, я з узлесся яшчэ раз пабачыў на кургане ягоны вялізны сілуэт. Рыгор стаяў на фоне чырвонага неба з доўгай, вышэй галавы, стрэльбаю ў руках, у кажусе поўсю наверх, які абцягваў яго ладную постаць. Вецер развейваў яго доўгія валасы. Цар лясных мясцін!…