Читать «Начны палёт» онлайн - страница 5
Антуан де Сент-Экзюпери
Потым новыя паветраныя токі закруцілі Пэльрэна, збілі вышыню да трох тысяч метраў — і як ён толькі не натыкнуўся на скалы!.. Раптам выявілася, што ён ляціць ужо над раўнінай. «Гляджу, а вакол самалёта — чыстае неба!» І Пэльрэн прызнаўся, што ў той момант у яго было такое ўражанне, быццам ён вырваўся з пячоры…
— У Медсоне — таксама бура?
— Не. Калі я сеў, неба было зусім чыстае і ніякага ветру. Але бура ішла за мной па пятах.
Ён апісаў яе, гэту буру, таму што, сказаў ён, «як-ніяк», усё гэта было даволі дзіўна. «Вяршыня буры гублялася дзесьці высока, сярод снегавых хмар, аснова ж кацілася па даліне, як чорная лава. Яна паглынала горад за горадам. Зроду не бачыў нічога такога…» І Пэльрэн змоўк, запалонены нейкім успамінам.
Рыўер павярнуўся да інспектара.
— Гэта цыклон з Ціхага акіяна: нас папярэдзілі занадта позна Зрэшты, такія цыклоны ніколі не перавальваюць цераз Анды.
Хто мог прадбачыць, што гэты раз цыклон прарвецца на ўсход.
Інспектар, які нічога не кеміў у такіх рэчах, згадзіўся з Рыўерам.
Быццам збіраючыся нешта сказаць, інспектар павярнуўся да Пэльрэна; пад скурай у інспектара захадзіў кадык. Але ён прамаўчаў і, нібы перадумаўшы, зноў з меланхалічнай годнасцю стаў глядзець перад сабой.
Сваю меланхолію інспектар вазіў з сабой, як багаж. Ён прыехаў у Аргенціну напярэдадні, выкліканы Рыўерам для выканання даволі неакрэсленых абавязкаў, і не ведаў, куды падзець свае вялікія рукі і сваю інспектарскую паважнасць. Ён не меў права ні на захапленне, ні на фантазію, ні на дасціпнасць, на яго пасадзе яго павінна было прыводзіць у захапленне толькі адно: пунктуальнасць. Ён не меў права ўзяць чарку ў сяброўскай кампаніі, не меў права звярнуцца на «ты» да саслужыўца ці дазволіць сабе жарт, — хіба што здарыцца немагчымае, і лёс пашле яму ў якім-небудзь аэрапорце сустрэчу з іншым інспектарам.
«Цяжка быць суддзёй», — думаў ён.
Па праўдзе кажучы, суду ён не вяршыў — ён толькі пахітваў галавой. Сутыкнуўшыся з нечым, чаго ён не разумеў (а не разумеў ён анічога), ён павольна пахітваў галавой. Гэта прыводзіла ў замяшанне тых, у каго было нячыстае сумленне, і спрыяла добраму догляду абсталявання. Яго ніхто не любіў: інспектар створаны не для любоўных уцех, а для складання рапартаў. Ён адмовіўся ад думкі прапаноўваць у рапартах нейкія новыя метады ці тэхнічныя ўдасканаленні — адмовіўся з таго часу, як Рыўер напісаў: «Інспектара Рабіно просяць падаваць не паэмы, а рапарты. Задача інспектара Рабіно — выкарыстоўваць свае веды для таго, каб стымуляваць службовую рупнасць персаналу». З таго часу чалавечыя слабасці зрабіліся яго хлебам надзённым. Ён цікаваў за механікам, які любіў выпіць, і за начальнікам аэрадрома, які з'явіўся на работу пасля вясёлай ночы, і за пілотам, які няўмела пасадзіў самалёт.