Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Сократ Янович

Перапалох, дзiкi перапалох! Ад такога перапалоху нават i сьлязiнка ў воку не пакажацца. Сьцяпан паволi прыходзiў у сябе, i гэта нешта гарантавала ёй. Яна падыйшла да тэлефону: куды званiць? У мiлiцыю? Выгаварыць усё й чакаць? Яна ня ўмела набраць нумар, бачыла, як рабiлi гэта iншыя, але сама нi разу не званiла; у бацькоў не было тэлефону. У сябровак... Невыносна скрыпела падлога. Кiра зноў села ля Сьцяпана i ўся сьцiснулася, так моцна, што нiякая сiла не разагнула-б яе, не расхiлiла-б ёй ног, рук не раскрыжавала-б. Ведала, што няма выйсьця; на летнiм сэаньсе, шанцовым, на якiм яна апынулася як дарослая, у паўпустым кiнатэатры, глядзела сцэну, сытуацыю, iснаваньня якой толькi здагадвалася паводле мармытлiвых чутак: зацюканая дзяўчына й трох хлопцаў, от, Кiрачка й зграя тыпаў з зубялямi, п'яных... Ён, Сьцяпанка, любiць мяне, i калi даведаецца пра маё няшчасьце, гатовы пайсьцi на самае вялiкае глупства павесiцца або падрэзаць сабе жылы! Яна памятае, што менавiта тузала яго тады за руку, баязьлiвая, каб ён урэшце падняўся з лавы, сеў. Iх, паганцаў, можа ўдасца ўпрасiць, вымалiць тую адцяжку, якая абазначала-б цьвёрдае абяцаньне прыйсьцi па добрай волi ў дамоўленую кватэру, потым, i адпакутваць - у таямнiцы й не на людзкiх вачох. Яна думала, угледжваючыся ў зьнерухомелыя да ўскраю бяспамяцi зрэнкi Сьцяпанавых вачэй, i праклiнала разбойнiцкi баль. Не вiнавацiла яго ў даверлiвасьцi да людзей... Тая ноч закончылася камiчна звычайна: зьявiлiся трох - адзiн зь iх дакладна выгалены - i, катэгарычна раскалацiўшы Сьцяпана, пацягнулi яго й Кiру танцаваць ды пiць да белага дня.

"Божа, як зь iм будзе мне жыць?!" Ён, згодлiвы, не супрацьставiцца нiкому. Не жыцьцё, але вечная цяганiна будзе, пастаяннае адцягваньне - ад кагосьцi або ад чагосьцi. Жадалася ёй, каб Сьцяпан быў бойкiм хлопцам.