Читать «Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Стефан Гайм

- Сачыце ўважлiва, геру студыёзус, выбiраеце тры разы, - цяпер цягнiце!

Айцэн слухаецца.

- Гэтая пакуль што не, - кажа незнаёмы. - Адкладвай убок.

Айцэн цягне другi раз.

- I гэтая пакуль што не, - кажа той. - Вы ж ня хочаце расчараваць мяне, мой юны пане!

Айцэну пад каўняром запякло. Калi ўсё гэта толькi блiзiр, думае ён зноў, але тут жа пераскоквае на iншае - дзеве Штэдэр якраз, пэўна, вельмi залежыць, каб з трэцяга разу ён вышмаргнуў правiльна, рука дрыжыць, ён чуе на сабе пачашчанае дыханьне тых, што абступiлi яго, i наўгад, усьляпую цягне.

- Самусенькi акурат! - кажа незнаёмы. - Чырвовы туз. Рацыя, геру студыёзус?

Юны Айцэн стаiць, разьзявiўшы рот, i ня ведае, з чаго большаму дзiву давацца: з гарбатага, якi, цяпер гэта ўжо пэўна, агнездаваўся ў ягоным жыцьцi, альбо ж зь сябе самога, што так цэлка патрапiў з выбарам. Усе астатнiя моўчкi застылi, i толькi той, куксаты, раптам бярэцца рагатаць, як усё роўна ненармальны якi, i крычыць:

- Ах, братачка Лёйхтэнтрагер, якiя дзвосы вы нам тут выстаўляеце: з апошняга дурня робiце празарлiўца й прарока!

I з гэтых слоў Айцэн нарэшце даведваецца iмя незнаёмага, i яму, абазнанаму ў латынi пасьля чатырох гадоў лацiнскай школы ў родным горадзе, адразу прыходзiць у галаву пракляты Люцыпар, але, дзякаваць богу, мы яшчэ ў Германii, дзе "лёйхте" ёсьць лёйхтэ, гэта значыць "сьветач, зьнiч", а "трагер" ёсьць трагер - "носьбiт" i нiшто iншае, i той хто носiць гэты сьветач ёсьць "начны вартаўнiк" - Лёйхтэнтрагер.

Цяпер ужо i ўсiм закарцела параiцца з картамi, але Лёйхтэнтрагер тлумачыць, што, каб усё iшло сваiм добрым ладам, патрэбна пэўная сымпатыя, якое ў яго да iх нямашака; але ён-такi гатовы за пяць грошаў з носа вычытаць кожнаму з картаў ягоную будучыню, чаго якраз-такi ўсiм i закарцела даведацца, як iдуць iх гешэфты, якiя палюбоўнасьцi кожан зь iх мецьме, каму наставiць рогi яго законная супасьцельнiца, хто памрэ ад меча, хто скончыць свой век на шыбенiцы, а хто сканае дома ў ложку, аж Лёйхтэнтрагер за кароткi час зарабiў сваiмi прадказаньнямi куды больш грошай, чым нехта там другi за шэсьць дзён найруплiвейшай ручной маталыжнасьцi. Толькi юны Айцэн не рашаецца з ходу ўпусьцiць пяць грошаў, не, не таму, што ня мае, а таму што найглыбчэй верыць, што лёс людзкi ў руцэ божай, а не ў калодзе размалёваных зашмуляных картаў, i потым, думае ён, i без таго аднаго пэрсанальнага цуду на вечар годзе.