Читать «Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Стефан Гайм

Ваш адданы

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew University

Jerusalem

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew University

Jerusalem, Israel

12 студзеня 1980

Высокапаважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер!

Ваша пiсьмо разам з дадаткамi, дастаўленае ўчора ў мой iнстытут, вельмi ўзрадавала мяне, i яно даказвае, што навуковая праца, якая вядзецца ў нашай рэспублiцы, набывае вядомасць далёка за яе межамi i робiць свой дабратворны ўплыў. Сапраўды, калi чалавек Вашага рангу i вядомасцi актыўна цiкавiцца вынiкамi нашых намаганняў, гэта ўмацоўвае нас у нашых памкненнях рухацца наперад у працы яшчэ больш мэтанакiравана i ўсеахопна i яшчэ паслядоўней змагацца супроць усiх супярэчных чалавечаму разуменню памылковых iлжэтэорый. Пры гэтым мы высока цэнiм, калi нам прад'яўляюцца погляды адрознага ад нашых роду, бо толькi праз пераадоленне супярчнасцяў сцвярджаюцца тэорыi, а пробным каменем ўсякай навукi, як вядома, з'яўляецца практыка.

Я не толькi сам прачытаў Ваш даклад "Агасфер, выдумка i праўда", апублiкаваны ў Hebrew Historical Studies, але i выклаў яго сутнасць маiм вядучым супрацоўнiкам. Таму тое, што я хачу тут напiсаць Вам, ёсць агульная думка калектыву, якi выдатна зарэкамендаваў сябе шматгадовымi даследчыцкiмi распрацоўкамi на нiве навуковага атэiзму.

Мы ўсе аднадушна трымаемся меркавання, што Ваша асабiстае знаёмства з памянёным у артыкуле герам Агасферам, членам яўрэйскай рэлiгiйнай абшчыны, не можа быць пастаўлена пад сумненне, гэтаксама як i Ваша ранейшая сустрэча з iм у варшаўскiм гета, з якога Вы, у той час яшчэ малады чалавек, у лiку нямногiх ацалелых здолелi ўцячы праз падземныя галаваломныя лабiрынты каналаў. Але, праўда, варта паставiць пад сумненне значную частку прыведзеных Вамi сведчанняў з ранейшых перыядаў гiсторыi пра сустрэчы i розныя прыгоды з памянёным Агасферам; такiя сведчаннi, асаблiва калi яны афiцыйна не пацверджаны дадатковымi сведчаннямi, наўрад цi могуць разглядацца як навукова вартасныя, i яны набываюць, чым далей адлягаюць ад нашага часу, тым больш мiфалагiчны характар. Хоць вы i акрэслiваеце ў адным месцы Вашага артыкула (стар. 23) гера Агасфера як "майго сябра", тым не меней мы хацелi б указаць Вам на магчымасць таго, што Ваш сябар мог сугерыраваць Вам высновы, да якiх Вы прыйшлi ў Вашых даследаваннях.

Праз адсутнасць мiждзяржаўных зносiнаў дзяржава Iзраiль, на жаль, мала даступная грамадзянам нашай рэспублiкi; iнакш квалiфiкаваныя супрацоўнiкi Iнстытута навуковага атэiзму альбо нават сам я асабiста маглi б навочна пераканацца ў прыблiзным узросце гера Агасфера. Пры iснуючых абставiнах актуалiзуецца пытанне, цi не маглi б сапраўдныя гады гера Агасфера быць пацверджаныя медыцынскiм абследаваннем на дагоду ўсiм, хто займаецца феноменам.

У сувязi з гэтым прэс-рэферэнт нашага Iнстытута, калега д-р Вiльгельм Якш, указвае на наступны факт: пры неспатольнай пажадлiвасцi да сенсацый у заходняга медыуму, з кола якога iзраiльскi нi ў якiм разе не можа быць выключаны, цi не след было б чакаць, што прэса даўно занатавала б iснаванне сама мала двухтысячагадовага чалавека? I ўсё ж, як нам вядома, нiдзе не зарэгiстравана нiякага паведамлення пра гера Агасфера, нiдзе i нiколi, здаецца, не публiкавалася нiводнай фатаграфii гэтай асобы. Магчыма Вы, паважаны гер прафесар, маеце фота яго, i несумненна было б важна для канчатковага заключэння, калi б Вы змаглi пазычыць нам яго для выкарыстання.