Читать «Падарожжа ў нябыт (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Андрэ Моруа

- Вы гаворыце, што бачылi пана Франка?.. У вас ёсць накiраванне ад яго?

- Ёсць. Калi ласка.

- Добра... Пагляджу... Значыць, вы просiце вiзу на часовы прытулак... Колькi часу, думаеце, спатрэбiцца вам, каб... я не кажу, забыць, а каб аслабiць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?

- Не ведаю... У маiм узросце...

- У вас няма ўзросту... Дзесяць год хопiць?

Яна ў момант запоўнiла друкаваныя бланкi, дала iх мне падпiсаць, потым праводзiла мяне да вельмi старога чалавека, якi сядзеў на ўзвышшы пасярод залы.

- Пан камiсар, - далажыла яна. - Гэта пропуск на пэўны тэрмiн па просьбе пана Франка... Усё ў парадку.

Дзядок падпiсаў, не чытаючы, i паставiў штэмпель з датай.

- А цяпер хутчэй бяжыце да пана Франка, - спагадлiва параiла дзяўчына. Зараз пятнаццаць гадзiн. Кантора зачыняецца ў шаснаццаць.

"Хутчэй бегчы..." Нiшто сабе парада! Я ледзьве цягнуў збалелыя ногi. Знадворку туман згусцiўся яшчэ больш. Я хутка згубiў сцежку, заблытаўся ў калючым трысцi i ўпаў. Падняўся ўвесь у гразi, калоцячыся ад холаду, i ў такiм нервовым напружаннi, што патрацiў некалькi гадзiн, пакуль адшукаў будынак Б. Там было ўсё замкнёна.

- Вам трэба вярнуцца ў горад i прыйсцi заўтра, - сказаў швейцар.

Але я так стамiўся, што, карыстаючыся цемрай i туманам, цiхенька зайшоў за будынак i правёў ноч у нейкiх кустах пад перакуленай ваганеткай. Я прачнуўся ў дрыжыках, увесь пранiзаны болем. Ад самага пачатку майго злашчаснага вандравання па канторах i канцылярыях толькi цяпер упершыню выблiснула сонца. Мне здалося, што яно стаiць надта высока, i я з трывогай зiрнуў на гадзiннiк. Было ўжо за поўдзень. Нiякага сумнення, што я заснуў толькi пад ранiцу i страшэнна заспаў. Я паспешна абышоў будынак i ўбачыў чараду мужчын i жанчын такой даўжынi, што вартаўнiкi былi вымушаны падзялiць яе на групы.

Чаканне. Павольнае прасоўванне наперад. Бой гадзiннiка, як удары нажа ў сэрца. Раз... Два... Чаканне перад лiфтам... Тры... Чатыры... Нiякiх надзей. Назад у горад. Кашмарная ноч... Ранiшняя беганiна. Чаканне каля агароджы. Чаканне перад будынкам Б. Чаканне перад лiфтам. Марудны пад'ём да калiдора трыццаць чацвёртага паверха... 1451... 3452... 3454. Павольнае перасоўванне з крэсла ў крэсла... "Наступны!" Нарэшце я зноў пападаю ў кантору пана Франка.

- А! Гэта вы! Прынеслi вiзу?

- Прынёс, - адказваю я, падаючы ў крэсла ад слабасцi. - Вось яна.

Спачатку ён глянуў з задавальненнем i добразычлiва, потым з прыкрасцю вытрашчыў на мяне вочы:

- Чаму ж вы не прыйшлi ўчора? Ваша вiза несапраўдная.

- Як несапраўдная? Чаму?

- Тэрмiн годнасцi вiз ККК - адны суткi. А чаму? Не ў маёй кампетэнцыi. Такое правiла. Хутчэй бяжыце да iх у кантору i папрасiце прадоўжыць тэрмiн. Яны вам зробяць адразу... Наступны!