Читать «Падарожжа ў нябыт (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Андрэ Моруа

* * *

- Гэй! Там! Зважай, куды iдзеш!..

- Даруйце! - адказаў я. - Я нiчога не бачу... Дзе я знаходжуся?

Чалавек трымаў вялiкi электрычны лiхтар. Ён павярнуў святло спачатку на мяне, потым на сябе, i я заўважыў, што ён апрануты ў форму, але з выгляду ён не быў падобен нi на французскага агента палiцыi, нi на ангельскага палiсмена. Яго куртка хутчэй нагадвала форму пiлотаў амерыканскiх лiнiй. Ён узяў мяне моцна, але не груба за плячо i павярнуў налева.

- Iдзiце прама ў гэтым кiрунку, - сказаў ён, - i выйдзеце на пляцоўку.

Я зразумеў, што ён гаворыць пра аэрапорт. Дзiўна было толькi тое, што ён анi не сумняваўся ў маiм жаданнi папасцi туды, а я нават не запытаў сябе, чаго i куды мне ляцець, ледзь-ледзь падняўшыся з пасцелi пасля такой страшнай хваробы. "Дзякуй, капiтан", - прамовiў я механiчна i пайшоў паказанай мне дарогай.

Цi то туман рассейваўся, цi то мае вочы сталi прывыкаць? Не ведаю. Але я мала-памалу пачаў адрознiваць сiлуэты людзей. Усе iшлi ў тым жа напрамку, што i я. Паступова натоўп павялiчваўся, i ў хуткiм часе ўтварылася нешта падобнае на працэсiю. Мы як мага прыспешвалi крок, бо здагадвалiся iнстынктыўна, не разважаючы (калi меркаваць па маiх адчуваннях), што павiнны з'явiцца неадкладна. Але рухацца наперад было ўсё цяжэй, i дарога рабiлася як быццам вузейшая...

- Не штурхайцеся! - сярдзiта прамовiла нейкая старая жанчына.

- Я не штурхаюся, мяне самога штурхаюць, - пачаў я апраўдвацца.

- У чаргу, станавiцеся ў чаргу, як усе людзi!..

Я рашуча спынiўся, чамадан выпаў з маiх рук (я толькi цяпер заўважыў, што пры мне быў чамадан) i ўпёрся ў ногi чалавеку, якi iшоў следам. Я павярнуўся. Смуга распаўзлася, i адразу пасвятлела. Я выразна ўбачыў твар абуранага негра, маладога, прыгожага, у ружовай кашулi з адкрытым каўняром.

- Прабачце, пане, - сказаў ён з горкай iронiяй, тэатральна мне пакланiўшыся, - прабачце, што я маiмi чорнымi нагамi зачапiў ваш белы чамадан.

- Вы ж бачыце, я ненаўмысна.

- Даруйце мне, пане, я больш не буду, даруйце, - прамовiў ён здзеклiва i пакланiўся з яшчэ большым нахабствам.

Тады я ўгледзеў, што перада мной выцягнулася даўжэзная калона - некалькi тысяч пасажыраў. Перад iмi невыразна вырысоўвалiся агароджа, будынкi, дыспетчарская вежа, ангары. Здалёку гулi i стракаталi маторы, час ад часу прарэзлiва раўла сiрэна. Моцны вецер разганяў нiзкiя навальнiчныя хмары, i ў разрывах дзе-нiдзе вiдаць было шэрае неба.

З гэтай хвiлiны наш рух стаў страшэнна марудны. Жанчына, што iшла перада мной, азiрнулася, i я ўбачыў яе гладкiя, кранутыя сiвiзной, валасы i вочы iрландкi, прыгожыя i мяккiя. Яна больш не гневалася i ўсмiхалася мне, нiбы казала: "Усё гэта вельмi цяжка, але мы з вамi людзi мужныя i будзем цярпець без нараканняў".