Читать «Мiколка-паравоз (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Михась Лыньков

А вагон сапраўды дзiравы. Вагон - хата Мiколкава. Стары парахнявы вагон, з пашчапанымi коламi, са збiтымi буферамi. З'ездзiўся вагон, пастарэў. Паставiлi яго ў тупiк пад жыллё. I колькi вунь гэтых вагонаў, цэлы пасёлак - жывуць у iх дэпоўцы: токары, слесары, машынiсты з качагарамi. I цеснавата ў вагоне. Палову займае бацькаў ложак. Пасярэдзiне невялiкая печка. На другой палове месцiцца дзiцячы тапчан, тут жа спiць Мiколкаў старэйшы брат, якi ўжо сам зарабляе, ходзiць у змазчыках. Тут жа спiць дзед Астап. Тут жа невялiчкi стол, за якiм палуднуюць, вячэраюць, на якiм мацi бялiзну качае. Цесна ўсё ж.

Адно што добра: выскачыш з вагона, i тут табе воля вольная. Бяжы куды хочаш: цi пад дэпо, цi на пуцi, цi на недалёкае балота за лесам. Знадворку i вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусiм чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Пад арлом надпiс: "40 человек, 8 лошадей".

- Дзе ж тыя конi? - пытае бацьку Мiколка, калi старэйшы брат чытае часам уголас гэты надпiс.

- А мы з табой чым не конi? - пасмейваецца бацька.

- А чаму ў арла дзве галавы?

- Таму што адной не хапае, дзiравая... Таму, бачыш, i каронай накрытая.

Дужа там разбiраўся ў тых царскiх каронах Мiколка!

Куды цiкавей былi яму розныя цацкi: гайкi, каменьчыкi, шасцяронкi чыгунныя, розныя блiшчастыя гузiкi, якiя знаходзiў часам на пуцях. Ды яшчэ безлiч розных малюнкаў, аж паўсцяны вагона было аблеплена iмi. Кожны дзень папаўняў Мiколка сваю калекцыю, цi, як называў бацька, карцiнную галерэю. Шукаць доўга новыя малюнкi не прыходзiлася. Даволi прайсцiся раз у дзень па чыгунцы - вярсты дзве туды ды назад - вось i поўныя кiшэнi здабытку. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскiх цягнiкоў: тут i паперкi ад цукерак, папяросныя карабкi, часам цэлыя кнiжкi, газетныя лiсты, цiкавыя малюнкi на розных бутэльках.

"Смачна ядуць, чэрцi!" - думаў часам Мiколка, збiраючы сваю калекцыю. Пад чарцямi ён разумеў усiх тых, што ехалi ў пасажырскiх цягнiках, асаблiва ў вагонах першага i другога класа. Гэтыя вагоны ён вызначаў па iх колеру. Звычайны вагон бура-зялёнага прапыленага колеру, а другi i першы клас цёмна-сiняга, блакiтнага, а часам жоўтага.

- Паны... - у дадатак да чарцей называў ён пасажыраў гэтых вагонаў. I сапраўды, ездзiлi ў iх багата апранутыя людзi, прыгожыя ўборы былi на дзецях, якiя паказвалiся ў вокнах.

"Самi цукеркi жаруць, салодкую гарэлку п'юць, а мне толькi пустыя паперкi ды пустыя бутэлькi... Вось бы ўзяў бацька ды звярнуў цягнiк пад адхон, няхай бы тады гэтыя паняняты пехатой прайшлiся..." - так думаў часам Мiколка, не на жарты сярдуючы на гэтых людзей, якiя, вiдаць, не разумелi смаку ў "зайцавым хлебе" i жылi на ўсiм гатовым. I дзецi iх у прыгожых шапках з залатымi лiтарамi. Знайшоў раз Мiколка на пуцях такую шапку, дахаты прынёс, на галаву прымераў. Паглядзеў на шапку бацька ды кажа:

- Дурань ты, Мiколка! Хiба ў гэтай шапцы нам ды пры мазутнай справе... Не да твару, браце, нам такая шапка. У такiх шапках, браце, ходзяць толькi буржуйскiя дзецi.