Читать «Мiколка-паравоз (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Михась Лыньков

А пытлю мацi давала часта. Як толькi падымаўся Мiколка з ложка, то мацi тут як тут:

- Ану, станавiся "Ойча наш" чытаць! Кажы ўслед за мной: "Ойча наш, iжа ясi на небясах..."

Стаiць Мiколка, на абраз глядзiць, у мацi пытаецца:

- А што такое "ясi на небясах"?

Мацi ад нечаканасцi не ведае, што рабiць. Дужа яна ведае, што такое "ясi". Нерашуча адказвае:

- То ясi... Бачыш, мы ямо, скажам, хлеб, i Ойча наш - Бог таксама, мусiць, есць, бо далей i гаворыцца пра хлеб насушны...

А дзед моўчкi збоку слухае матчыны тлумачэннi, ды не сцерпiць i ў бараду сваю: хе-хе-хе.

Зiрне на яго грозна мацi, дзед адразу як шоўкавы, сядзiць, не варухнецца.

А мацi далей дыктуе:

- Хлеб наш насушны даждзь нам днесь...

А Мiколка зноў пытае:

- А чаму толькi насушны, а калi я, скажам, пiрага хачу цi абаранка?

Не сцерпiць тут дзед, падказвае: "З макам", а сам хуценька падаецца за дзверы, убачыўшы, што мацi грозна пазiрае на качарэжку каля печы.

А Мiколка зноў са сваiмi роспытамi:

- А цi любiць Бог "зайцаў хлеб"?

Замест адказу матчыны пальцы даволi блiзка знаёмяцца з Мiколкавым вухам, i яно пачынае гарэць i чырванець, як той семафор за стрэлкамi. А мацi прыгаворвае:

- Гэта табе за "зайцаў хлеб"! А гэта табе за непаслушэнства перад Богам. А гэта табе... бязбожнiк ты гэтакi... Кажы цяпер "Багародзiцу"!

Маўчыць Мiколка, насупiўшыся.

- Кажы: "Багародзiца Дзева, радуйся, благадатная..."

- Дужа яна ўзрадавалася б, твая благадатная, калi б яе так за вуха пацягалi... - мармыча Мiколка пад нос.

- Што ты вярзеш там, неслуш! - гневаецца мацi. - Ну, пачынай!

- Не буду...

- Кажы адразу!..

- Не буду... - упарта стаiць на сваiм Мiколка i скоса пазiрае, як матка развязвае матузы ад фартуха, становячыся блiжэй да дзвярэй, каб адрэзаць Мiколку ўсякi шлях да адступлення. Калi заўважае Мiколка, што развязваецца апошнi вузел i матузовая пагроза набывае яўную небяспеку, ён маланкай кiдаецца пад тапчан, наганяючы страху на спаўшага там ката. Той стралой iмчыць да дзвярэй, збiваючы з ног Мiколкаву мацi.

- Пастой жа, я цябе ўчастую, пазнаеш ты ў мяне Багародзiцу!

- А няхай яна згарыць, твая Багародзiца! - лямантуе пад тапчаном Мiколка, забiраючыся ў самы куток за розныя скрынкi, клумкi з лахманамi.

- Пастой жа, паспытаеш ты ў мяне благадацi... - рашуча бярэцца мацi за качаргу, i пачынаецца, як кажа дзед, баталiя-вайна. Праўда, выпараць Мiколку з-пад тапчана - не такая-то лёгкая справа. Ды i дзед прыходзiць на дапамогу Мiколку. Ён асцярожна падыходзiць да дзвярэй i пачынае ўшчуваць мацi:

- Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзiця з ражном перцi... Ды Бога пабаялася б, ён жа ўсё бача... - i дзед урачыста падымае руку ўгару, нiбы хоча паказаць ёй Бога на небе. Усё гэта ён робiць, каб адцягнуць матчыну ўвагу ад Мiколкавых тапчаноў. Мацi мiмаволi глядзiць угару. Там ляцiць звычайная варона. Пакуль мацi прыглядаецца да яе, Мiколка паспявае вылезцi з-пад тапчаноў i праслiзнуць у дзверы пад самымi матчынымi рукамi. Тая толькi паспявае войкнуць - лавi цяпер бязбожнiка ў чыстым полi. Усё гэта хiтрыкi дзеда, i мацi добра разумее яго палiтыку. Але што ты з гэтым дзедам зробiш, не ганяцца ж за iм з качаргой, за гэтым старым бязбожнiкам.