Читать «Канон школе» онлайн - страница 2

Георгий Васильевич Марчук

У маладой прыгожай пары класных кіраўнікоў нарадзілася другая дачушка. Ехалі часова, каб перакантавацца год-другі, ехалі без цёплага сподняга і зімовай шапкі. У вайсковым галіфэ і фрэнчы ён хадзіў на ўрокі аж восем гадоў. Неўпрыкмет перабраліся з цеснай камуналкі ў сваю хату. Купілі ровар, лодачны матор «Вихрь» і тэлевізар. Патроху звыкліся з мясцовым людам, які не разумелі і не ўсё прымалі. Цяпер жа на «конікі» самі настаўнікі апранаюць маскі Чорта, Дзеда, Бабы, Казы, Мядзведзя, Коніка, улазяць у старыя лахманы, мяняюць галасы і ходзяць у марозную ноч калядаваць, спяваючы «Шчодры вечор». Ідуць у хату да бацькоў сваіх дзяцей. Ніхто і не здагадваецца, адкуль «конікі», з якіх кварталаў: з Аселіцы, Мельнікаў, Гары, Вугоня, Наваселля, Радзічаў? А гэта ўсходнікі — нязломныя атэісты. Смеху варта. Фізік Ёшка любіў апранацца ў цыганку. Для сугрэву ды каб весялей было возьме сто грамаў белай. Трыццаць — пяцьдзесят хат пакуль з віншаваннем абыдзеш, збіраючы харчы і грошы, натомішся, як трактарыст на ворыве.

— Так. Стоп. Дзяўчаты направа, хлопцы налева. А ты куды, Ёшка? За дзеўкамі? Забыўся, кім нарадзіўся? Аёй, аёй…

Рогат на ўсю вуліцу. У мяцеліцу хадзіць яшчэ казачней і для тых, хто «конікаў» водзіць, і для тых, хто чакае. Больш веры ў цуд, у спраўджванне мараў. Вясна, паколькі яе найбольш чакаеш — надакучае за пяць месяцаў зіма, хоць і не студзёная, але снежная, — пралятае, як камета. Вось і ластаўка пад страхой вывела птушанят. Кажуць, Бог асабліва беражэ тую школу, у паддашшы якой гняздуюцца ластаўкі. Заўтра апошні званок. Дык які сэнс жыцця, пытаецца вулічны філосаф — мясных спраў майстра? А Бог яго ведае.

— То паслухай, скажу. Расце дрэва. А навошта? На зіму спілавалі, нарэзалі дроў, дровы далі дым, дым пайшоў у неба і там з іншымі дымамі ўтварыў хмару. Праліўся дождж. 3 зямлі з зярнятка вырастае новае дрэва, падобнае на тое, што спілавалі. I яго спілуюць, і яно дасць дым. I так бясконца. Дрэва расце, каб яго спілавалі.

Апошні званок — урачыстасць не толькі школы, усяго гарадка. Прыйшлі Олена, Валодзя, Іван, Надзя, Грыцко, Люба, Паўло, Наталка, Якаў, Лісавета, Яўхім, Марыя і Васіль. Ад званка да выпускнога адзін крок, усе спакойныя, бо не было такога выпадку, каб на экзаменах камусьці паставілі двойку. Нервуюцца больш бацькі, бо дзеці добры год ужо ходзяць парамі. Нехта больш смелы марыць увосень падаць заяву на шлюб. Сустракаюцца ўсе выпускнікі на Царкоўнай гары, каб сустрэць усход сонца. Больш заможны прыходзіць з відэакамерай. Божа, колькі разоў сустракалі ўсход з бацькамі на рыбе, на сенажаці… Чаму ж сёння, чаму такі ён шчымлівы? Чаму пасля гучнага «ўра-а!» раптам усе замаўчалі? Чаму выцер крадком слязу класны кіраўнік 11 «А» і чаму класная кіраўніца 11 «Б» адвярнула галаву ўбок? Заўтра воля. Не, сёння воля! Вось яно і прыйшло, першае выпрабаванне адзінотай. У каго душа яшчэ не зусім прачнулася, таму лягчэй. Бывай, школа. Чаго плакаць? Заўтра будзе інстытут, тэхнікум, а хоць бы і вучылішча, але не будзе больш ніколі таго, хто сёння побач, разам, не будзе роднага класа, які прывучыў аддаваць дабро іншаму. Школа навучыла трохі ўсіх быць людзьмі, бо навучыць адразу на ўсё жыццё немажліва. Не шукайце сабе новых сяброў, лепшых за школьных, іх усё адно не будзе. Прыйдуць дахаты класныя кіраўнікі. Кветкі ў вазах, кветкі ў слоіках, на стале, на табурэтках. Стаміліся, перахваляваліся ад светла-сумнай радасці, а спаць не хочацца.