Читать «Маленькi прынц (на белорусском языке)» онлайн - страница 17

Антуан Сент-Экзюпери

Яна, як залаты бранзалет, абвiлася вакол шчыкалаткi Маленькага прынца.

- Кожнага, каго я крану, я вяртаю зямлi, з якой ён выйшаў, - дадала яна. Але ты чысты i прыляцеў з зоркi...

Маленькi прынц прамаўчаў.

- Мне шкада цябе, ты такi бездапаможны на гэтай камянiстай Зямлi. Я змагу дапамагчы табе, калi ты моцна знудзiшся па сваёй планеце. Я магу...

- Я цудоўна зразумеў цябе, - сказаў Маленькi прынц. - Але чаму ты ўвесь час гаворыш загадкамi?

- Я рашаю ўсе загадкi, - сказала змяя.

I яны змоўклi.

ХVIII

Маленькi прынц прайшоў усю пустыню i не сустрэў нiводнай жывой душы. За ўвесь час яму трапiлася толькi адна-адзiная кветка, кволенькая, непрыкметная кветачка ў тры пялёсткi.

- Добры дзень, - павiтаўся Маленькi прынц.

- Дзень добры, - адказала кветка.

- А дзе людзi? - ветлiва спытаў Маленькi прынц.

Кветка аднойчы бачыла, як мiма iшоў караван.

- Людзi? Ды iх, па-мойму, усяго шасцёра цi сямёра. Я бачыла iх некалькi гадоў назад. Але хто iх ведае, дзе iх шукаць. Iх носiць ветрам. У iх няма каранёў, гэта надае iм безлiч турбот.

- Бывай, - развiтаўся Маленькi прынц.

- Бывай, - адказала кветка.

ХIХ

Маленькi прынц падняўся на нейкую высокую гару. Адзiныя горы, якiя ён ведаў у сваiм жыццi, былi тры вулканы, якiя былi яму па калена. Патухлы вулкан служыў яму табурэтам. "З такой высачэзнай гары, - падумаў ён, - я адразу ўбачу i ўсю планету i ўсiх людзей..." Але наўкол перад яго вачыма тырчалi адны вострыя вяршынi скал.

- Добры дзень, - павiтаўся ён на ўсякi выпадак.

- Добры дзень... дзень... дзень... - адгукнулася рэха.

- Хто вы? - спытаў Маленькi прынц.

- Хто вы... хто вы... хто вы... - адгукнулася рэха.

- Будзьце маiмi сябрамi, я зусiм адзiн, - сказаў ён.

- Адзiн... адзiн... адзiн... - адгукнулася рэха.

"Якая дзiўная планета! - падумаў Маленькi прынц. - Сухая-сухая, i ўся ў ражнах, i салёная нейкая. А людзям бракуе ўяўлення. Яны толькi паўтараюць тое, што iм кажуць... Дома ў мяне была кветка: тая заўсёды загаворвала першая..."

ХХ

Доўга блукаў Маленькi прынц па пясках, снягах ды скалах i натрапiў нарэшце на нейкую дарогу. А ўсе дарогi вядуць да людзей.

- Добры дзень, - сказаў ён.

Перад iм рассцiлаўся сад, у якiм квiтнела мноства ружаў.

- Добры дзень, - азвалiся ружы.

Маленькi прынц не мог паверыць сваiм вачам. Усе яны былi так падобны да яго кветкi!

- Хто вы? - уражаны, спытаў ён.

- Мы ружы, - адказалi ружы.

- Вось як... - прамовiў Маленькi прынц.

I ён адчуў сябе вельмi-вельмi няшчасным. Яго красуня казала, што яна адзiная такая ў сусвеце. I вось - калi ласка! У адным толькi садзе iх цэлых пяць тысяч, як на падбор.

"Яна вельмi раззлавалася б, калi б убачыла iх, - падумаў ён. - Яна страшэнна закашляла б i прыкiнулася, што канае, толькi б не паказацца смешнай. I я быў бы вымушаны рабiць выгляд, што ратую яе, бо iначай яна сапраўды памерла б, каб толькi прынiзiць мяне..."

А потым ён падумаў: "А я ж яшчэ думаў, што валодаю адзiнай у свеце кветкай, а цяпер аказалася, што гэта звычайная ружа. Усяго i было ў мяне звычайная ружа ды тры вулканы вышынёй мне па калена, адзiн з якiх, мабыць, назаўсёды патух... Якi ж я пасля ўсяго гэтага прынц?.."