Читать «Безназоўнае» онлайн - страница 3

Янка Купала

Бо цікуе злосны вораг

Тых, што спыняцца не ў часе

У сваім паходзе ў зорах

І задрэмлюць на папасе.

9

Яшчэ не ўся работа зроблена,

          Не ўсё жніво у нас пажата, -

Яшчэ краіны стан пагорблены,

          Як быў, застаўся ён гарбатым.

Яшчэ дзесь здрадна ласка панская

          На беларускім едзе карку

І круціць з подласцю паганскаю

          На свой лад нашу гаспадарку.

Яшчэ там сыты гонар ласуе

          Дзявочу ўсмешку беларускі,

Далары лічачы за касаю,

          Што з нашых здзёр палосак вузкіх.

Яшчэ там корна служаць мамкамі

          Сястрыцы нашы і сягоння,

Ды стогнуць, мучацца пад клямкамі

          Браты, як некалі ў прыгоне.

Яшчэ ўспалаюць там паднебныя

          Чырвоным полымем пажары,

І будуць гінуць там патрэбныя

          І непатрэбныя ахвяры.

10

Пакінем спадчыну мы для патомкаў

          Інакшую ад той,

Што ўзялі мы ад продкаў на абломках

          Гісторыі сваёй.

З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі

          Патомак гэны наш:

Згібацца ўжо не будзе і не будзе

          Піць з недапітых чаш.

Дасталі сцежкі, ад якіх прапасці

          Маглі мы ў бяспуцці,

А кінем бітыя шляхі да шчасця,

          Абы умець ісці.

На продкаў плечах паўзрасталі вежы,

          Дзе торг вялі за нас,

А мы патомкам нашым кінем межы

          Без ашуканскіх крас.

Яшчэ пакінулі нам асляпленне,

          Пашану да пакут,

А мы пакінем песню вызвалення

          І вольны бацькаў кут.

1924