Читать «Выродлiвы хлапчук (на белорусском языке)» онлайн
Айзек Азимов
Азимов Айзек
Азимов Айзек
Выродлiвы хлапчук (на белорусском языке)
Айзэк Азiмаў
Выродлiвы хлапчук
Пераклаў Генадзь Шупенька
Як заўсёды, перш чым адчынiць наглуха зачыненыя дзверы, Эдзiт Фэлоўз паправiла свой рабочы халат i толькi пасля таго пераступiла тую нябачную лiнiю, што аддзяляла рэальны свет ад свету несапраўднага. Пры ёй былi нататнiк i асадка, хоць з пэўнага часу яна не вяла больш сiстэматычных запiсаў, робячы iх толькi пры пiльнай патрэбе.
На гэты раз яна несла з сабою i чамадан. "Гэта гульнi хлопчыкам", усмiхнуўшыся, растлумачыла яна вартаўнiку, якi даўным-даўно ўжо не задаваў ёй нiякiх пытанняў i толькi махнуў рукою, прапускаючы яе.
Як звычайна, выродлiвы хлапчук адразу пачуў яе прыход i, плачучы, кiнуўся ёй насустрач.
- Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз, - мармытаў ён, вымаўляючы словы глуха, не зусiм выразна, ва ўласцiвай аднаму яму манеры.
- Што здарылася, Цiмi? - спыталася яна, правёўшы рукою па яго страхалюднай галоўцы, зарослай густымi рудымi кудламi.
- Джэры вернецца, каб зноў гуляць са мной? Мне вельмi сорамна за тое, што адбылося.
- Не думай больш пра гэта, Цiмi. З-за гэтага ты i плачаш?
Ён адвярнуўся.
- Не зусiм, мiс Фэлоўз. Проста я зноў бачыў сон.
- Зноў той самы сон? - Мiс Фэлоўз сцяла зубы.
Вядома ж, гiсторыя гэтая з Джэры павiнна была выклiкаць у Цiмi стары сон.
Ён кiўнуў, спрабуючы ўсмiхнуцца, i яго шырока расцягнутыя, выкручаныя вусны агалiлi занадта вялiкiя зубы.
- Калi ж я, нарэшце, вырасту настолькi, каб выйсцi адсюль, мiс Фэлоўз?
- Хутка, - пяшчотна адказала яна, адчуваючы, як сцiскаецца яе сэрца, хутка.
Мiс Фэлоўз дазволiла Цiмi ўзяць яе за руку i з задавальненнем адчула цёплы дотык грубай сухой скуры ягонай далонi. Ён павёў яе праз пакоi, з якiх складалася Першая Секцыя Стасiса, пакоi, несумненна, даволi камфартабельныя, але якiя тым не менш былi для сямiгадовага (а цi сямiгадовага?) вырадка месцам вечнага зняволення.
Ён падвёў яе да акна, якое выходзiла на зарослую нiзкiм хмызняком лясiстую мясцовасць, схаваную цяпер начной iмглою. Не вiдаць было адсюль i прымацаваных да агароджы аб'яў, якiя забаранялi кожнаму, хто б той нi быў, наблiжацца сюды без спецыяльнага дазволу.
Прыцiснуўшыся носам да шыбы, ён сказаў:
- Я змагу туды выйсцi, мiс Фэлоўз?
- Ты ўбачыш мясцiны намнога лепшыя, прыгажэйшыя, чым гэтыя, - журботна адказала яна, гледзячы на няшчасны твар маленькага нявольнiка.
На яго нiзкi скасабочаны лоб пучкамi звiсалi зблытаныя пасмы валасоў. На патылiцы быў вялiкi выступ, галава дзiцяцi здавалася празмерна цяжкай, хiлячыся наперад, яна прымушала яго горбiцца. Ужо пачалi разрастацца, расцягваючы скуру, надброўныя дугi. Яго масiўны рот намнога больш выдаваўся наперад, чым шырокi прыплюснуты нос, а падбародка не было i ў зародзе - толькi скiвiчная костка, апушчаная ўнiз. Як на свой узрост быў ён занадта малы, крываногi i няўклюдны.
Гэта быў неверагодна выродлiвы хлопчык, i Эдзiт Фэлоўз яго вельмi любiла.
Вусны яе задрыжалi - яна магла дазволiць сабе цяпер такое, бо яе твар быў па-за полем зроку дзiцяцi.
Не, яны не заб'юць яго. Яна пойдзе на ўсё, каб перашкодзiць гэтаму. На ўсё. Яна адчынiла чамадан i пачала вымаць адтуль адзенне хлопчыку...