Читать «Лiтаратурныя творы з казачнымi матывамi (на белорусском языке)» онлайн - страница 33
неизвестен Автор
Козьлiк зь iм спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе цi лазiць па дварэ, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык i ня вылязе нiяк. Прыйдзе да Жукавай будкi, брэнькае, брэнькае па ёй рагамi, разбудзiць Жука, узлуе. Той толькi з будкi - "ррр!". Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваiм прыставаньнем, што Жук аднойчы ня стрываў ды хваць яго з будкi за бараду! Упяўся мой "вэтэрынар", аж вочы выпулiў, ды дзiкiм голасам - "Ме-е-е!"
- Ой, барада барада!- крычу я, бягучы ад хаты. Вызвалiў яго ад Жука, а ён мне за гэта рогам ды пад бок. А пасьля разагнаўся, каб стукнуць, ды я сьхiлiўся ўбок.
Бiцца як навучыўся нягоднiк! Мама несла ваду на каромысьле, а ён гэта ззаду падкраўся ды зьнячэўку як стукне ёй пад каленi - ажно прысела i ваду разьлiла. Каралi мы яго за гэта, а ўсяроўна не адвык.
Пасьля-ж яны з Жукам здружылiся так, што аж дзiва. Падыйдзе козьлiк да будкi - брэн, брэн рагамi, а Жук спачатку толькi - "гррр!". А потым-такi раскатурхаецца, вылязе з будкi, панюхаюцца на прывiтаньне i пайшлi гайсаць вакол двара! Палётаюць, нацешацца i да сенцаў. Стаяць абодва каля дзьвярэй, чакаюць, каб iм чаго далi. "Вэтэрынар" дык той проста прэцца ў хату цi ў кухню сам, а Жук толькi хвастом павiльвае кажнаму, хто нi выйдзе. Гэты хоць трохi сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбiцца i ў будку; прынясеш есьцi твая ласка, а не - дык i так будзе спаць. А козьлiк - ого!
I вось аднойчы яны раптам зьнiклi абодва. Апоўднi толькi прыбягае Жук адзiн. Вiляе, вiляе хвастом, быццам нешта хоча сказаць, ды ня можа.
- Дзе-ж ты, нягоднiк стары, козьлiка дзеў? - накiнулася мама. - Скавычы вось цяпер, як сабака, адзiн. Сорамна, цьфу!
I што-ж, Жук i праўда стулiўся, прыгорбiўся, быццам ад сораму, i моўчкi палез у будку.
* * *
Дзень няма козьлiка, другi няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так i падумалi, што ён зьгiнуў назаўсёды.
Аднак на другiм ужо тыднi дачуваемся, што наш "вэтэрынар" жывы, што ён ажно ў Лядах - трэцяй вёсцы ад нас па дарозе да цёткi Марылi. Вось лiха няўжо яны йшлi туды?..
Я гэта за кiёк i пайшоў у Ляды, кiлёмэтраў зь пяць па гасьцiнцы. Прышоў, iду па вёсцы. Хацеў толькi каго-небудзь спытацца, дзе тая Янкава Стэпка жыве, у якой апынуўся козьлiк, ажно бачу: на нейчым дварэ, у садку, стаiць мой "вэтэрынар!" Стаiць пад яблыняй дыбка i ўсьпiнаецца, каб дастаць на галiнцы лiсток. А вокал яго дзецi.
- "Вэтэрынар!" - гукнуў я яшчэ ад варот. А ён - пазнаў, нябось, - ме-е-е!" - i бяжыць мне насустрач.
- А што, паслухаў, схадзiлi? У прочкi хацеў уцякаць!
А ён штурхель мне рагамi. Таксама хацеў-бы нешта сказаць ды ня можа.
Вышла з хаты жанчына, тая самая, мусiць, Янкава Стэпка, ды кажа:
- Гэта-ж я вось раненька вышла на вёску, а ён ляжыць на мастку i ўцякаць не ўцякае. Замарыўся, вiдаць. Я гэта за рогi яго ды дахаты. А чорны сабака таксама, мусiць, ваш - за мною "грр!". А я гэта хвартух расьперазала ды як махну на яго, дык ён i пабег ад мяне. Доўга круцiўся каля нашай хаты, пакуль малыя, каровы гонячы, не патурылi яго зь вёскi. А гэты, вось бачыш, прывык.
Цётка, дык тая нiчога, - бяры, - кажа, калi ён ваш, - але ад малых я ледзь адпрасiўся: прывыклi да казла, не аддаюць.